Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ЗАРЭГІСТРАВАНА БОЛЬШ ЗА 60 ІНІЦЫЯТЫЎНЫХ ГРУПАЎ ДЛЯ ВЫЛУЧЭНЬНЯ КАНДЫДАТАЎ У ДЭПУТАТЫ МЕНСКАГА ГАРСАВЕТУ


Уладзімер Глод, Менск

Колькасьць зарэгістраваных групаў важны, але не адзіны паказчык актыўнасьці выбарчай кампаніі. Справа ў тым, што ініцыятыўныя групы патрэбныя толькі тым прэтэндэнтам на дэпутацкія мандаты, хто вылучаецца выключна праз збор подпісаў. А ёсьць яшчэ і вылучэнцы ад палітычных партыяў і працоўных калектываў, якім ствараць групы неабходнасьці няма.

Пра актыўнасьць выбарчага працэсу ў Менску сьведчыць супрацоўнік сталічнай выбарчай камісіі Раіса Баранава — намесьніца дырэктара швейнага прадпрыемства “Элема”.

(Баранава: ) “Ідзе рэгістрацыя ініцыятыўных групаў. У працоўных калектывах пачынаецца праца па вылучэньню кандыдатаў у дэпутаты. Выбарцы і кандыдаты ў дэпутаты неабыякавыя да выбарчага працэсу. Мяне асабіста гэта трошачкі зьдзіўляе, паколькі ёсьць асабісты досьвед працы. Нягледзячы на тое, што заўтра сьвята, выбарцы прыходзяць са сваімі пытаньнямі й прыходзяць людзі, якія хацелі б вылучыцца кандыдатамі ў дэпутаты. Яны хочуть атрымаць тлумачэньне выбарчага заканадаўства, як гэта робіцца”.

Паводле Раісы Баранавай, самаму маладому з патэнцыйных кандыдатаў у дэпутаты 21 год, а самаму старэйшаму — 61. Свае ініцыятыўныя групы зарэгістравалі чатыры цяперашніх дэпутатаў гарсавету. Сярод прэтэндэнтаў у сталіцы пераважаюць інжынэры, лекары, настаўнікі, кіраўнікі невялікіх прадпрыемстваў.

Палітычныя партыі не абмяжоўваюцца вылучэньнем толькі на партыйных паседжаньнях. Сакратар Партыі камуністаў Беларускай Алена Скрыган гаворыць, што вырашана спалучаць усе формы вылучэньня.

(Скрыган : ) “Будзем спалучаць масава збор подпісаў і ад партыі, бо гэта дае магчымасьць ужо сёньня развярнуць, можна сказаць, агітацыйную работу сярод выбарцаў, паколькі дазваляецца матэрыялы паказваць, не раздаваючы іх. А ад працоўных калектываў мабыць будуць вылучацца толькі адзінкі. Бо для нас гэта магчыма толькі тады, калі вылучаецца кіраўнік калектыву”.

Усяго Партыя камуністаў Беларуская вылучае ў саветы розных узроўняў 519 кандыдатаў.
XS
SM
MD
LG