Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АПАЗЫЦЫЯ ГАТОВАЯ ЗМАГАЦЦА НА ВЫБАРАХ У ЛЮБЫХ УМОВАХ


Валер Каліноўскі, Менск

Беларускі Народны Фронт пакуль дабіўся абраньня ў тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі толькі аднаго свайго прадстаўніка — Юрася Пальчэўскага, які стаў сябром менскай гарадзкой камісіі. У іншых рэгіёнах пакуль адны адмовы. Гаворыць лідэр БНФ Вінцук Вячорка:

(Вячорка: ) “Мне здаецца, што наконт Менску было прынятае палітычнае рашэньне прадэманстраваць, што тут існуе нейкі ўяўны плюралізм, таму што насамрэч адзін сябра камісіі мала што можа зрабіць, пры тым заканадаўстве, паўнамоцтвах і магчымасьцях, калі практычна ўсё можа зрабіць старшыня камісіі. А ў рэгіёнах — там асабліва не цырымоніліся”.

Вінцук Вячорка лічыць, што аднастайны склад камісіяў — адзін з найважнейшых індыкатараў таго, што выбары будуць несвабоднымі. Аднак лідэр Партыі БНФ мяркуе, што гэта ня мусіць паўплываць на жаданьне апазыцыі браць удзел у гэтай кампаніі:

(Вячорка: ) “Мы разглядаем гэтыя выбары найперш не як выбары, таму што хутчэй за ўсё гэта будзе фарс, а як магчымасьць дайсьці да шырокіх масаў людзей”.

Падобныя меркаваньні выказаў і кіраўнік выбарчага штабу Аб’яднанай грамадзянскай партыі Сяргей Альфер, які лічыць, што нягледзячы на цяжкасьці, выбары застаюцца амаль адзінай магчымасьцю для апазыцыі правесьці сваю агітацыйную кампанію. АГП таксама мае толькі аднаго свайго сябра ў скадзе тэрытарыяльных выбарчых камісіяў, дзясяткам кандыдатаў адмовілі без тлумачэньняў.

(Альфер: ) “Паводзіны ўладаў засталіся тыя самыя, і паводле майго разуменьня, выканкамы хочуць мець паслухмяныя выбарчыя камісіі, каб можна было імі карыстацца на сваё разуменьне ці па ўказаньні зьверху. Адсюль і магчымасьць атрыманьня патрэбнага выніку амаль стоадсоткавая”.

Сяргей Альфер лічыць, што нават прысутнасьць аднаго чалавека ў камісіі дае нейкі зрух, калі гэты чалавек здольны і жадае актыўна працаваць.

Лідэр ПКБ Сяргей Калякін паведаміў, што цэлы шэраг іх партыйцаў прабіўся ў выбарчыя камісіі: у Берасьці, Гомелі, Пінску, Полацку, але ёсьць і адмовы.

(Калякін: ) “Але ў цэлым улады сёлета падышлі па-іншаму, і, як правіла, у камісіях будуць прадстаўнікі палітычных партыяў — ня ўсіх, але будуць. Я маю такую інфармацыю, што была каманда ўключыць прадстаўнікоў партыяў у камісіі, прынамсі, тэрытарыяльныя — каб выбіць козыры ў апанэнтаў, што няма плюралістычнага складу камісіяў, і таму яны неаб’ектыўныя ў працы і пры падвядзеньні вынікаў”.

Сяргей Калякін упэўнены, што ў цэлым гаварыць пра зьмены падыходаў улады да выбараў нельга:

(Калякін: ) “Я маю інфармацыю, што ўлады на месцах ужо маюць дакладныя ўказаньні й вызначыліся, каго яны будуць выбіраць. Гэта датычыць і абласных, і менскага гарсавету. Задача не прапусьціць ніводнага іншадумца, у тым ліку з палітычнай апазыцыі, застаецца. І я думаю, яна будзе рэалізоўвацца адміністратыўным шляхам”.

Сяргей Калякін тым ня менш упэўнены, што шанцы на посьпех у апазыцыі застаюцца.

Большасьці вылучэнцаў у выбарчыя камісіі БСДП “Народная грамада” таксама адмоўлена, але такія вынікі й прагназаваліся, кажа лідэр Мікалай Статкевіч:

(Статкевіч: ) “Гэта сьведчыць пра жаданьне ўладаў фальсыфікаваць выбары. У нас няма ілюзіяў наконт сумленнасьці выбараў, але мы гатовыя змагацца ў любых умовах”.

Мікалай Статкевіч упэўнены, што вынікі выбараў будуць цяпер залежаць ня толькі ад улады, якая праводзіць ранейшую палітыку, а і ад яе апанэнтаў і грамадзтва ў цэлым, у якім насьпела жаданьне пераменаў.
XS
SM
MD
LG