Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ГОМЕЛІ ВЫЛУЧЭНЦЫ АД ДЭМАКРАТЫЧНЫХ ПАРТЫЯЎ НЯ ТРАПІЛІ Ў СКЛАД ВЫБАРЧЫХ КАМІСІЯЎ


Казімір Яноўскі, Гомель

Фармаваньне выбарчай камісіі праходзіла ў савецкай традыцыі. Намесьнік начальніка арганізацыйна-кадравай управы Аляксандар Усаў паведаміў, што ў склад камісіі вылучаныя 34 прэтэндэнты. Найбольш вылучэнцаў — ад грамадзянаў шляхам збору подпісаў і ад працоўных калектываў, агулам 24 чалавекі.

Пяць прадстаўнікоў вылучылі афіцыйныя грамадзкія арганізацыі — Саюз моладзі, жаноцкая суполка, прафсаюз будаўнікоў, вэтэраны Афганістану і проста вэтэраны. Пратаколы на яшчэ траіх вылучэнцаў даслалі рэгіянальныя суполкі палітычных партыяў — Аб’яднанай грамадзянскай, камуністаў і лібэралаў.

Аднак прэтэндэнтаў у камісію ніхто не абмяркоўваў. У чальцоў выканкаму і прэзыдыюму аблсавету ўжо ляжаў загадзя падрыхтаваны сьпіс складу камісіі з 13-ці асобаў. За гэты сьпіс агулам і прагаласавалі, не абмяркоўваючы нікога пэрсанальна. Такім чынам у склад у камісіі была ўключаная ад Партыі камуністаў Беларускай дырэктарка Рагачоўскага хлебазаводу Тамара Расюк — кандыдатура, як лічаць у асяродку гомельскіх дэмакратаў, узгодненая з уладаю.

А вось вылучэнка ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі Сьвятлана Гальдадэ, якую супольна падтрымалі ўсе зарэгістраваныя ў абласным цэнтры дэмакратычныя партыі й шэраг грамадзкіх арганізацыяў, у сьпіс не патрапіла. Ня ўключаная ў камісію і прадстаўніца Лібэральна-дэмакратычнай партыі, рабочая Лідзія Забалотнікава.

Цікаўлюся ў Аляксандра Усава, чаму ўсё-такі ўзгодненая кандыдатура ад дэмакратычных партыяў, якой зьяўляецца спадарыня Гальдадэ, не абмяркоўвалася на паседжаньні выканкаму і прэзыдыюму аблсавету. Тым больш, што Сьвятлану Гальдадэ вылучылі яшчэ ў камісію і грамадзяне шляхам збору подпісаў.

(Усаў: ) “Законам не прадугледжана, што кандыдатуры ад некалькіх партыяў могуць вылучацца ў склад камісіі. Ад некалькіх калектываў, але не ў абласную камісію, могуць. Ад партыяў — законам не прадугледжана. Адна партыя — можа вылучаць, некалькі — ня могуць”, — кажа чыноўнік аблвыканкаму.

У другой палове дня ў гарвыканкаме зацьверджаная гарадзкая выбарчая камісія. У яе таксама ня ўключаная супольна ўзгодненая кандыдатура ад дэмакратычных партыяў, сябра БНФ Галіна Бялова. Не ўвайшла таксама ў гарадзкую камісію і вылучэнка Лібэральна-дэмакратычнай партыі, прадпрымальніца Сьвятлана Кірыенка.
XS
SM
MD
LG