Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СТАРШЫНЯ ЦВК СЬЦЬВЯРДЖАЕ, ШТО НЯ МОЖА ДАПАМАГЧЫ ЛУКАШЭНКУ МЕЦЬ ПАЖАДАНЫ ЯМУ СКЛАД НОВЫХ МЯСЦОВЫХ САВЕТАЎ


Уладзімер Глод, Менск

Я спытаўся ў спадарыні Ярмошынай, што могуць зрабіць выбарчыя камісіі, каб выканаць ці то рэкамэндацыю, ці то загад кіраўніка беларускай дзяржавы наконт таго, што ў новых саветах жанчын і моладзі мусіць быць ня меней за 40%. Цяпер сярод дэпутатаў толькі 5% людзей не старэйшых за 30 гадоў.

Адказ спадарыні Ярмошынай гучаў так:

(Ярмошына: ) “Выбарчыя органы ня могуць тут зрабіць нічога. Яны ня ўдзельнічаюць у працэсе вылучэньня кандыдатаў у дэпутаты. Што да наяўнасьці жанчын, дык можна вырашыць гэтую праблему толькі заканадаўчым шляхам. І тут я магу сказаць, калі. Калі мы пяройдзем да прапарцыйнай выбарчай сыстэмы. Вось тады можна будзе навязаць партыям свае правілы гульні й прымусіць іх, каб, напрыклад у партыйным сьпісе жанчын было ня менш за 40%”.

Паводле старшыні Цэнтарвыбаркаму, самай адметнай рысай мясцовых выбараў 2003 году стане абавязковае запаўненьне кандыдатамі дэклярацыяў пра даходы. Пэўныя складанасьці чакаюць і тых, хто будзе вылучацца ад палітычных партыяў — ЦВК зьбіраецца пільна сачыць, каб іхныя статуты адпавядалі выбарчаму заканадаўству.

У скрынях для галасаваньня, якія ўжываліся падчас леташніх прэзыдэнцкіх выбараў, як адзначалі назіральнікі, вельмі лёгка здымалася дно, што давала магчымасьць для замены бюлетэняў. У сувязі з гэтым я спытаўся ў старшыні Цэнтарвыбаркаму, ці будуць гэтым разам ужывацца больш сучасныя скрыні.

(Ярмошына: ) “У нас выкарыстоўваюцца тыя, што зробленыя для мінулых выбарчых кампаніяў. У нас няма сродкаў зрабіць новыя скрыні для галасаваньня. Фірмовыя каштуюць даволі дорага. Але мы будзем сачыць, каб яны былі бяз шчылін”.

Дарэчы, грошы на выбарчую кампанію, як адзначыла старшыня ЦВК, закладзеныя толькі ў бюджэт на 2003 год. Але яна спадзяецца, што першую траншу ЦВК атрымае ўсё ж у сьнежні.
XS
SM
MD
LG