Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЯСЦОВЫЯ ВЫБАРЫ ПРОЙДУЦЬ 2 САКАВІКА З УДЗЕЛАМ АПАЗЫЦЫІ


Валер Каліноўскі, Менск

Пра свой намер байкатаваць выбарчую кампанію ўжо заявіла Кансэрватыўна-хрысьціянская партыя БНФ. Ейны лідэр Юры Беленькі мяркуе, што вынікі выбараў прадвызначаныя – яны будуць сфальшаваныя паводле сцэнару і сьпісаў А. Лукашэнкі.

(Беленькі: ) “Лукашэнка пацьвердзіў нашую думку, ён сказаў, што ён надае гэтым выбарам выключнае значэньне, як ён сказаў, што гэта будзе генэральная рэпэтыцыя “для абраньня нашых парлямэнтароў”… У гэтай сытуацыі магчымы толькі адзін варыянт – заклікаць грамадзтва ня ўдзельнічаць у гэтых выбарах. Больш таго, зараз мы назіраем тэндэнцыю, што ўсё больш і больш людзей схіляецца да гэтага, грамадзтва само ўжо высьпела да такога стаўленьня”.

Юры Беленькі зьбіраецца наладзіць актыўны байкот гэтай кампаніі, якую ён называе псэўдавыбарамі.

Прыблізна гэтак жа ацэньвае сытуацыю і Сяргей Гайдукевіч, лідэр ЛДПБ, якая ўдзельнічала ў папярэдніх выбарах. Спадар Гайдукевіч заклікае іншыя апазыцыйныя партыі да паўтарэньня кампаніі байкоту:

(Гайдукевіч: ) “Нашая партыя згодная ў выпадку іх няўдзелу ў гэтых выбарах падтрымаць байкот, ён як ніколі неабходны. У нас жа ня выбарчая камісія лічыць, а мясцовая ўлада, вэртыкаль, у нас участковыя камісіі выканкамы ствараюць. Які хочаш, такі табе і намалююць пратакол, калі захочуць, у любы час… Гэта толькі наіўны народ будзе хадзіць бюлетэні кідаць”.

Тым ня менш, Сяргей Гайдукевіч заявіў, што ЛДПБ зьбіраецца вылучыць тысячы кандыдатаў у дэпутаты і сябры выбарчых камісіяў ды выкарыстае кампанію дзеля сваёй прапаганды.

Тым часам ПКБ, БНФ, Партыя жанчын “Надзея”, Партыя працы, БСДГ С. Шушкевіча, БСДП “Народная грамада”, АГП маюць намер узяць удзел у мясцовых выбарах ды зьвярнуліся да менскіх уладаў з патрабаваньнем уключыць у склад выбарчых камісіяў вылучэнцаў палітычных партыяў. Гаворыць адзін з лідэраў АГП Аляксандар Дабравольскі:

(Дабравольскі: ) “Я думаю, што шанцы ёсьць, але ёсьць і шмат праблемаў. Мы яшчэ ня ведаем, наколькі масавымі будуць фальсыфікацыі. Але мы ставім дзьве мэты, удзельнічаючы ў гэтых выбарах: першая – каб нашыя кандыдаты прайшлі, а другая, ня менш важная, – каб разбудзіць грамадзкую сьвядомасьць, растлумачыць людзям, што адбываецца, і заваяваць падтрымку грамадзтва”.

Аляксандар Дабравольскі мяркуе, што сваім удзелам у мясцовых выбарах апазыцыя не ўзмацняе рэжым, таму і гаворкі пра байкот няма. АГП, напрыклад, зьбіраецца вылучыць каля 450 кандыдатаў у дэпутаты.

Тым часам, выбарчая кампанія пачалася: як паведамілі ў Цэнтрвыбаркаме, вылучэньне кандыдатаў у сябры акруговых камісіяў сканчаецца 3 сьнежня, і ў ЦВК упэўненыя, што прадстаўнікі партыяў маюць шанец прысутнічаць у гэтых камісіях.
XS
SM
MD
LG