Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АКТЫВІСТЫ ЎЖО ДЗЕСЯЦЬ ДЗЁН ПАТРУЛЮЮЦЬ КУРАПАТЫ


Ганна Соусь, Прага

Як паведаміў сёньня Радыё Свабода кіраўнік Менскай абласной арганізацыі партыі БНФ Уладзімер Кішкурна, штодня ад 17 да 20 гадзіны вядзецца патруляваньне Курапатаў. Складзены графік, згодна зь якім актывісты партыі БНФ, Маладога Фронту, руху “Зубр”, Беларускай партыі свабоды раз на дзень абыходзяць тэрыторыю ўрочышча.

Нягледзячы на тое, што Бараўлянскі сельскі выканкам адмяніў сваё ж рашэньне аб стварэньні добраахвотнай народнай дружыны па ахове мэмарыялу Курапаты, існуе вусная дамоўленасьць з кіраўніцтвам Бараўлянскай міліцыі аб супрацоўніцтве. Уладзімер Куішкурна адзначае, што за дзесяць дзён патруляваньня ніякіх надзвычайных здарэньняў не адбылося.

Актывісты грамадзкай ініцыятывы “За ўратаваньне мэмарыялу Курапаты” падрыхтавалі ліст на імя прэм’ер-міністра Беларусі Сяргея Сідорскага. Як патлумачыў Радыё Свабода актывіст ініцыятывы Вацлаў Арэшка, па-першае, яны просяць даслаць пастанову міністэрства культуры аб замацаваньні схемаў ахоўных зонаў Курапатаў, бо гэты дакумэнт дагэтуль ня быў абнародаваны.

Па другое, грамадзкасьць дамагаецца таго, каб у Курапатах улады афіцыйна ўсталявалі дошку, на якой было б пазначана, што гэта месца зьнішчэньня ахвяраў масавых рэпрэсій. У лісьце на імя кіраўніка беларускага ўраду гэтаксама ўтрымліваецца прапанова пачаць рабіць далейшыя крокі ў справе мэмарыялізацыі Курапатаў. Паводле Вацлава Арэшкі ліст будзе дасланы Сяргею Сідорскаму бліжэйшымі днямі.

Паводле пастановы міністэрства культуры аб зацьвярджэньні схемы ахоўных зонаў Курапатаў ўведзеная зона рэгулюемага будаўніцтва побач з урочышчам. Ва ўпраўленьні гісторыка-культурнай спадчыны й рэстаўрацыі Міністэрства культуры Радыё Свабода не патлумачылі, што плянуецца будаваць ля Курапатаў. А як паведаміла навуковая кіраўніца Курапацкага мэмарыялу Мая Кляшторная, магчыма тут будуць пабудаваныя некалькі аўтазаправак і пасёлак катэджаў.

(Кляшторная: ) “Для запраўкі разраўнялі пляцоўку перад Курапатамі, але нічога пакуль не будуецца. Іншая запраўка можа будзе тут, дзе на вуліцу Мірашнічэнка выходзіць дарога з кальцавой. А межы ўрэзаны ад зьезду з кальцавой дарогі на Мірашнічэнка сюды наўскос і да курапацкага лесу на той вугал, дзе падыходзіць дарога “Заслаўе-Калодзішчы”. Як раз там, дзе гэтая мяжа праходзіць, і напісана "лінія рэгулюемай забудовы." Я зразумела, што гэтая мяжа праведзеная паводле ўжо выпраўленага праекту для забудовы катэджаў”.
XS
SM
MD
LG