Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДРУЖЫНЬНІКІ РАСПАЧНУЦЬ ПАТРУЛЯВАНЬНЕ КУРАПАТАЎ З ГЭТАЙ СУБОТЫ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Кіраўнік добраахвотнай дружыны ў справе аховы Курапатаў, старшыня гарадзкой суполкі Партыі БНФ Уладзімер Кішкурна і ягоны намесьнік Сяргей Міхноў сустрэліся 19 траўня з намесьнікам кіраўніка міліцыі Менскага раёну Ігарам Шчарбачэнем. Кіраўнікі курапацкай дружыны хацелі ўзгадніць зь міліцыянтамі графік патруляваньня мэмарыялу. Гаворыць Уладзімер Кішкурна:

(Кішкурна: ) “Мы прыехалі і сустрэліся з намесьнікам начальніка міліцыі Шчарбачэнем. Дамовіліся, што ў пятніцу сустрэнемся з камандзірам патрульна-паставой службы Віталем Капустам і ўзгоднім графік. І ў суботу мы пачынаем дзяжурства. Да стварэньня дружыны міліцыя паставілася нармальна, бо ёсьць рашэньне пасялковага выканкаму. Міліцыянты — людзі законапаслухмяныя, калі ёсьць загад, яны яго выконваюць. Нашае патруляваньне будзе сумесным зь міліцыяй. Але калі міліцыянты будуць кудысьці адыходзіць, патруляваць будзем самі. Дзейнічаць будзем на падставе палажэньня аб дружыньніках”.

Я таксама зьвязаўся з прадстаўніком раённай міліцыі Ігарам Шчарбачэнем. Ад камэнтароў ён адмовіўся, але сказаў, што прыхільна ставіцца да рашэньня Бараўлянскага сельвыканкаму стварыць дружыну, якая будзе ахоўваць Курапаты.

Уладзімер Кішкурна гаворыць, што патруляваньне Курапатаў дагэтуль не было распачатае толькі з арганізацыйных прычынаў. У панядзелак адбыўся агульны сход дружыны. Браць удзел у патруляваньні выказалі жаданьне больш за сто чалавек — актывісты Партыі БНФ, руху “Зубр” і Партыі свабоды. На старшыню дружыны абраны Ўладзімер Кішкурна, ягонымі намесьнікамі сталі актывісты БНФ Сяргей Міхноў і Павал Батуеў. Зацьверджаны і графік дзяжурстваў. Паводле Ўладзімера Кішкурны, дружыньнікі, некалькі чалавек, будуць патруляваць Курапаты ў будні ад 17 гадзіны ўвечары, а ў выходныя ад 10 раніцы да 21 гадзіны вечара. Уладзімер Кішкурна лічыць рашэньне мясцовых уладаў аб стварэньні дружыны вельмі важным:

(Кішкурна: ) “Мы лічым, што гэта вельмі важнае рашэньне. Яно дае нам законныя падставы бараніць ад вандалаў Курапаты, крыжы, якія там усталявалі, мясцовасьць і наогул памяць аб нашых продках. Бо трэба там, урэшце рэшт, на законнай падставе навесьці парадак”.

Старшыня дружыны заклікае прадстаўнікоў усіх партыяў і грамадзкіх арганізацыяў далучыцца да патруляваньня Курапатаў.
XS
SM
MD
LG