Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крымінальная справа пасьля вандалізму ў Курапатах яшчэ не заведзеная


Ганна Соўсь, Менск

Мэмарыяльны знак “Ад народу Злучаных Штатаў Амэрыкі народу Беларусі дзеля памяці” — гэтак званая “лава Клінтана” — мае цяпер ранейшы выгляд. Мармуровая пліта нанава прымацаваная да помніка. Толькі паваленыя крыжы ляжаць, як маўклівае сьведчаньне злачынства. Некаторыя паламаныя крыжы прыхіленыя да дрэваў. Частку зь іх яшчэ магчыма аднавіць.

Сябры Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ, чыімі намаганьнямі ў Курапатах паўстала крыжовая алея — Народны мэмарыял, вырашылі некаторы час не аднаўляць крыжы дзеля таго, каб людзі, якія прыйдуць у Курапаты, на свае вочы пабачылі барбарскія разбурэньні.

Сакратар управы Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ Алесь Чахольскі зьвярнуўся ў міліцыю з нагоды акту вандалізму, учыненага ў Курапатах.

(Чахольскі: ) “28 сьнежня я зьвярнуўся ў Менскую раённую ўправу ўнутраных справаў з заяваю на прыцягненьне да адказнасьці асобаў, якія ўчынілі акт вандалізму ва ўрочышчы Курапаты — месцы растрэлаў НКВД у 1937–1941 гадох.

Пасьля гэтага з апэратыўнай групаю той управы я выехаў на месца здарэньня. Былі праведзеныя апэратыўныя мерапрыемствы. Месца фатаграфавалася, усё апісвалася, працавалі апэратыўнікі. На працягу трох дзён мне мусяць даць адказ, ці будзе ўзбуджаная крымінальная справа”,— распавёў Алесь Чахольскі.

Дасьледваньнем гэтай справы займаюцца сьледчыя Бараўлянскага раённага адзелу ўнутраных справаў. Як сёньня паведаміў Радыё Свабода начальнік гэтага адзелу Генадзь Васілеўскі, рашэньне пра завядзеньне крымінальнай справы пакуль не прынятае, яшчэ праводзіцца праверка фактаў.

Гэта юрыдычны бок праблемы, а ёсьць і маральны. Алесь Чахольскі працягвае...

(Чахольскі: ) “Людзі павінны памятаць. Калі мы ня будзем працягваць ставіць крыжы ў Курапатах, калі мы ня будзем туды прыходзіць, то ня будзе й нацыі. Гэта сьвятое. Я заклікаю 7 студзеня сабрацца а 12-й гадзіне ля крыжа “Пакутнікам Беларусі” і памаліцца за тых, хто ляжыць у Курапатах. Я лічу, што гэта будзе адказ тым барбарам, нашчадкам той д’ябальскай улады, якая зараз існуе на Беларусі. Наш маральны абавязак зрабіць гэта. Яны павінны ведаць — мы рабілі Народны мэмарыял і будзем працягваць яго рабіць”,

— сказаў сакратар управы Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ Алесь Чахольскі.
XS
SM
MD
LG