Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НА ДЗЯДЫ Ў КУРАПАТАХ БУДЗЕ ЎСТАЛЯВАНЫ АБРАЗ “МАЦІ БОЖАЯ КУРАПАЦКАЯ ЎСІХ НЯВІННА РАССТРАЛЯНЫХ”


Ганна Соўсь, Менск

Да 15-годзьдзя першага шэсьця й мітынгу ў Курапатах мастак Аляксей Марачкін рыхтуе абраз “Маці Божая Курапацкая ўсіх нявінна расстраляных”, які будзе ўсталяваны ў Курапатах на Дзяды — дзень памяці продкаў.

(Марачкін: ) “2 лістапада а 12-й гадзіне мы нясем гэты абраз у Курапаты. Там яго асьвячаем. Пры тым ён гэтак зроблены, што яго могуць усе канфэсіі асьвячаць. Але я арыентуюся ўсё ж на ўніятаў, каб перадаць гэты абраз у Чырвоны касьцёл уніятам. Ён не такі ўжо кананізаваны, гэта творчая работа, але абапіраецца на традыціі беларускіх абразоў беларускага старажытнага мастацтва. Гэты абраз будзе ўсталяваны ў Чырвоным касьцёле, а копія рэпрадукцыі — непасрэдна ў Курапатах”.

Гэта распавёў мастак Аляксей Марачкін у часе сёньняшняга паседжаньня грамадзкай ініцыятывы “За ўратаваньне мэмарыялу Курапаты”. Пасьля некаторага перапынку ініцыятыва актывізавала сваю дзейнасьць і зараз рыхтуе шэраг акцыяў да 30 кастрычніка — Дня памяці ахвяраў палітычных рэпрэсіяў. З 23 кастрычніка ў шэрагу гарадоў Беларусі адбудзецца прэзэнтацыя кнігі пра Курапаты, якую наладзяць актывісты ініцыятывы — гісторык Ігар Кузьняцоў, археолягі Алег Іоў, Міхась Чарняўскі і Мікола Крывальцэвіч ды іншыя. Гаворыць каардынатарка ініцыятывы Ірына Жыхар:

(Жыхар: ) “Сёньня дакладна вядома, што тыя настаўнікі, якія летась праводзілі ўрокі Памяці, сёлета абавязкова правядуць гэтыя ўрокі сярод старшаклясьнікаў. Акрамя таго, будуць замоўленыя малебны ў касьцёлах і цэрквах па ўшанаваньні памяці бязьвінна палеглых. І ў шэрагу гарадоў будзе праходзіць прэзэнтацыя кніжкі “Курапаты”, зборнік матэрыялаў”.

Ірына Жыхар паведаміла гэтаксама Радыё Свабода пра адкрыты ліст, які рыхтуюць цяпер актывісты грамадзкай ініцыятывы.

(Жыхар: ) “Мы рыхтуем адкрыты ліст да грамадзкасьці Беларусі, у якім паведамляем пра перапіску з Саветам Міністраў, якая нічым ня скончылася. Савет Міністраў не прыняў да разгляду нашую прапанову пачаць мэмарыялізацыю Курапатаў і стварыць рэспубліканскую камісію па ўшанаваньні памяці ахвяраў палітычных рэпрэсіяў. І таму мы будзем гэта рабіць самі. Акрамя таго, будзем абмяркоўваць склад грамадзкай камісіі для правядзеньня конкурсу на найлепшы праект помніка”.
XS
SM
MD
LG