Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ТЭРЫТОРЫЯ КУРАПАТАЎ ЗАБАЛОЧВАЕЦЦА


Ганна Соусь, Менск

Трапіць у Курапаты цяпер вельмі складана – пешаходны пераход перакрыты, падыходы да ўрочышча з боку поля залітыя вадой. Прарытая грэйдэрам канава для адкачкі вады цягнецца на некалькі соцень мэтраў уздоўж лесу. Плянавалася, што гэтая канава будзе выведзеная ў курапацкі лес, каб уся вада сьцякала туды. Гаворыць навуковая кіраўніца Курапацкага мэмарыялу Мая Кляшторная:

(Кляшторная: ) “Ніхто ў праекце не прадугледзеў, куды падзець ваду. Над Курапатамі на 5 мэтраў узьнялася дарога. І мы бачым, што ўвесь бруд, усе сьцёкі ідуць у Курапаты. Каб іх прыбраць з прыдарожнай тэрыторыі, раскапаны вось гэты арык, які павінен павярнуць наўпрост у Курапацкі лес. Учора мне давялося проста прасіць будаўнікоў ня браць грэх на душу. А сёньня крыж паставілі на іх шляху. Калі пускаць ваду зараз у лес, то мы трапляем як раз на магілы. На сёньняшні дзень для будаўнікоў галоўнае – добраўпарадкаваньне прыдарожнай тэрыторыі. А Курапацкі лес моўчкі можа схаваць усе іх хібы".

Што да ўсталяваньня адмысловых бэтонных слупоў на Курапацкіх межах, якое распачалося на пачатку гэтага тыдня, то паводле Маі Кляшторнай, большасьць зь іх ужо ўсталяваныя, але пакуль не хапае галоўных межавых слупоў, на якіх было б пазначана, што гэта за помнік.

У суботу ў Курапатах сябры Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ наладзілі чарговую талаку – перадапошнюю перад Дзядамі. Актывісты прыбіралі тэрыторыю ўрочышча, высякалі кустоўе, палілі гальлё. Гэтаксама рыхтавалі ля магілаў яміны пад крыжы, якія будуць усталяваныя на Дзяды. Гаворыць актывіст КХП БНФ Пятро Шашкель:

(IШашкель: ) “Да Дзядоў падрыхтавана больш за 2 дзясяткі крыжоў. Але ж асноўную колькасьць мы ўжо ўсталявалі тут. Відаць, да наступленьня маразоў, халадоў гэта будзе апошняе ўсталяваньне. Усё будзе залежыць ад надвор'я".

Дагэтуль незразумела, якім чынам людзі здолеюць трапіць у Курапаты на Дзяды.

(Юхо: ) “Як сюды прайсьці – таксама пытаньне. Хаця яны пасьпяхова працавалі тут ля пераходу й засыпалі крыху тэрыторыі з боку Курапатаў. Сёньня тэрмінова засыпаюць сход жвірам. Падвезьлі ўжо плітку. Мне здаецца, яны за тыдзень здолеюць усё зрабіць.

Нагадаю, што другога лістапада збор аб 11-й гадзіне ля гадзіньнікавага заводу, як і заўсёды ў апошнія гады. Пачатак жалобнага шэсьця а палове 12-й. Мітынг а 15-й гадзіне ў Курапатах".

Высьвятлілася яшчэ адная акалічнасьць, зьвязаная з завяршэньнем будаўніцтва Менскай кальцавой дарогі. Мэталічныя бардуры ўздоўж дарогі ўсталёўваюць расейскія будаўнікі, якія адмыслова прыехалі сюды з Растова-на-Дану. Як паведамілі Радыё Свабода рабочыя з Воршы, якіх накіравалі сюды дапамагчы расейцам, гэткая кадравая палітыка зьвязаная з тым, што ў Беларусі нібыта не хапае сваіх адмыслоўцаў у гэтай справе.
XS
SM
MD
LG