Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

МІНУЎ ГОД ПАСЬЛЯ ПАЧАТКУ РЭКАНСТРУКЦЫІ МЕНСКАЙ КАЛЬЦАВОЙ ДАРОГІ ЛЯ КУРАПАТАЎ


Ганна Соўсь, Менск

Летась 20 верасьня ў дзень інаўгурацыі Аляксандра Лукашэнкі ў Курапатах пачалася высечка дрэў дзеля пашырэньня кальцавой дарогі. Першым заўважыў гэта й забіў трывогу актывіст Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Уладзімер Юхо.

(Юхо: ) "Сёньня – сумная дата. Мінуў год з таго часу, як пачалося руйнаваньне Курапатаў. 20 верасьня адбыліся першыя акты вандалізму. Калі я падыйшоў, ужо рэзалі гэтыя дрэвы, і сказалі, што толькі 5 мэтраў ад дарогі патрэбна высекчы, што дарога будзе ўсяго на адну паласу пашырацца. Але ж ужо ў абед, калі я прыбег, высяклі не 5, а 25 мэтраў.

Сумна сёньня, пасьля году. Можна ўбачыць, як ляжыць гэтая пачварная труба. Працягваецца вандалізм у гэтым месцы. Засыпаюцца дрэвы. Абяцалі, што ўсё тут будзе прыгожа, але ж гэтага няма".

Разам з Уладзімерам Юхо мы падыходзім да падземнага пераходу. Ягонае будаўніцтва цягнецца ўжо амаль паўгады. Будаўнікі адбіваюць ад сьценак тынк.

(Будаўнік: ) "Перарабіць трэба гэтую ўсю сьценку. Яна дрэнна зробленая. Прыходзілі з наглядам ды ўсё забракавалі. Адаб'ем, потым нанава ўсё затынкуем".

Гэта не адзіны прыклад няякасных будаўнічых работаў у часе пабудовы кальцавой дарогі. Паводле навуковай кіраўніцы Курапацкага мэмарыялу Маі Кляшторнай, з самага пачатку работы вялі без праекту.

(Кляшторная: ) "Будаўніцтва ішло наперадзе праектаваньня. І ўзгадненьне праекту, магчыма, і зараз працягваецца, а будаўніцтва ўжо заканчваецца паралельна з праектаваньнем. Будаўніцтва ішло непасрэдна на месцы".

Мая Кляшторная падыходзіць да Крыжа "Пакутнікам Беларусі" і схіляе галаву. 30 кастрычніка 1937 году ў Курапатах быў расстраляны яе бацька – паэт Тодар Кляшторны. Восеньскае сонца асьвячае шэрагі крыжоў на Курапацкім пагорку, гэтак званую Алею смутку – гэта яшчэ адзін вынік мінулага году. Працягвае Ўладзімер Юхо:

(Юхо: ) "Кансэрватыўна-хрысьціянская партыя за гэты год шмат чаго зрабіла ў гэтай мэмарыяльнай зоне. Гэтае месца ўжо больш вядомае ва ўсім сьвеце, чым да гэтага часу. За гэты год я сустракаў тут шмат беларусаў, якія нават зямлю бралі з Курапатаў. Мэмарыяльная зона ёсьць. За гэты час толькі КХП БНФ усталявала больш за 200 крыжоў. Мы падрыхтавалі яшчэ 60 крыжоў і будзем заканчваць алею ў мэмарыяльнай зоне".

Уладзімер Юхо заклікае ўсіх прыходзіць заўтра а дванаццатай гадзіне ў Курапаты на чарговую талаку.

Тым часам у раёне ўсходняй мяжы Курапат блізу праваслаўнай капліцы распачаліся земляныя працы. На пяцоўцы памерам прыкладна 200 на 150 мэтраў была зьнятая глеба. Гаворыць навуковая кіраўніца Курапацкага мэмарыялу Мая Кляшторная:

(Кляшторная: ) "Вось у гэтым месцы была адзведзеная пляцоўка 30 на 40 мэтраў для пабудовы капліцы. Але мы бачым, якое падвор'е тут разгорнутае. А побач уздыблены ўвесь слой зямлі, ідуць распрацоўкі грунта. Для якіх мэтаў – я ня ведаю. Ці не для гэтага падвор'я нейкае ідзе пашырэньне й нейкае таемнае будаўніцтва. На дадзеным падворку гаспадарыць сьвятар Уладзімер Стукач, чалавек, які мае багаты досьвед працы ў партыйных савецкіх структурах заводу імя Леніна, і адразу скокнуў у сьвятары. Ягоная дзейнасьць моцна адрозьніваецца ад сьвятарскай".

Учора Мая Кляшторная спыніла земляныя працы ў памежнай з Курапатамі зоне й зьвярнулася з гэтай нагоды ў Дэпартамэнт аховы гісторыка-культурнай спадчыны й рэстаўрацыі.
XS
SM
MD
LG