Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Курапатах хутка пачнуць пракладваць калектар блізу Крыжа Пакутаў


Ганна Соусь, Менск

Палянка ля Крыжа пакутаў нагадвае цяпер будаўнічую пляцоўку. Бэтонныя трубы, што завезьлі ва ўрочышчы мінулым тыднем, цяпер пакрытыя чорнай смалой — іх падрыхтавалі для пракладкі. Першым заўважыў абсмаленыя трубы 15-гадовы Рацібор, які жыве непадалёк і наведвае ўрочышча амаль штодня.

(Рацібор: ) “Увечары, мабыць, а сёмай гадзіне, мы падышлі зь сябрам і глядзім, што ўжо абсмаленыя трубы. Значыцца, нехта тут быў, гаспадар гэтых трубаў, але ж нікога ня бачылі. Паглядзелі, паглядзелі... Калі абсмалілі, значыць, рыхтуюцца, я думаю, каб іх укладаць. І таму тут трэба зараз пільна назіраць за ўсім. А так усё тут нармалёва ў Курапатах, актаў вандалізму няма. Некалькі пікнікоў тут людзі ладзілі пазаўчора і ўчора”.

Тая частка дарогі, што была размытая ў выніку моцнай залевы, ужо адрамантаваная. Сёньня будаўнікі шпарка працавалі ў лясным масіве з боку мікрараёну — капалі траншэю пад вадаправод. Гэтым займаюцца рабочыя з Заслаўя. Гаворыць будаўнік Яўген:

(Яўген: ) “У нас вадаправод пойдзе яшчэ мэтраў 200. Вось бачыце, пайшла дарога ў правы бок. І вось якраз паміж шэрагамі дрэваў будзе раскопвацца катлаван і будзем ўрэзвацца ва ўжо існуючую трубу”.

Калега Анатоля экскаватаршчык Міхаіл распавёў Радыё Свабода, што гэта не апошнія земляныя работы, якія будуць весьціся на тэрыторыі ахоўнай зоны. Пасьля таго, як будзе пракладзены вадаправод, тут пачнуць працаваць сувязісты — і таксама пад траншэю будзе раскопвацца тэрыторыя ўздоўж дарогі з боку мікрараёну. Спадар Міхаіл мяркуе, што трэба было пракласьці кальцавую дарогу ў абыход Курапатаў.

(Міхаіл: ) “Надакучыла й нам тут. Дарогу гэтую кальцавую трэба было пасунуць. Тым больш, што горад, кажуць, сюды будзе рухацца. А потым ізноў будаваць дарогу нанава? Трэба было адразу там і весьці дарогу. Трэба было гэта ўсё вырашаць інакш, дыпляматычна. А ня тое што, як я чытаў у газэце, бульдазэрыст ледзь не штурхаў усіх”.

Паводле экскаватаршчыка Міхаіла з Заслаўя, хутчэй за ўсё, будаўнікі ня здолеюць цалкам здаць дарогу да 7 лістапада, як загадаў Аляксандар Лукашэнка. Бо не хапае фінансаў, заробкі выплачваюць нясвоечасова. Да таго ж, шмат тэхнікі й спэцыялістаў занята на іншых будаўнічых аб’ектах — у прыватнасьці, на ўзьвядзеньні паводле загаду Лукашэнкі крытага футбольнага манэжу.
XS
SM
MD
LG