Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЛЯ КУРАПАТАЎ ДАЖДЖАМІ РАЗМЫЛА ЧАСТКУ КАЛЬЦАВОЙ ДАРОГІ


Ганна Соусь, Менск

Кальцавая дарога ля Курапатаў моцна пашкоджаная пасьля суботняй залевы. З абодвух бакоў дажджом размыла асфальт і грунт, пад ім бачны жоўты пясок. Найбольш пацярпелі ўчасткі ля падземнага пераходу і калектарнай трубы.

Ля Крыжа пакутаў дагэтуль ляжаць вялікія бэтонныя трубы для пракладкі калектару. Каб не дазволіць будаўнікам іх пракласьці празь лясны масіў, зь сярэдзіны мінулага тыдня ў Курапатах удзень дзяжураць сябры Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ і Маладога Фронту. Аліна Дуброўская з Койданава паказвае мне, як вада размыла глебу ля Крыжа пакутаў. Гаворыць Аліна Дуброўская:

(Дуброўская: ) “Вада ўсё тут разбурыла. Атрымалася, як гліняны калёс, усё рухнула. Што ж, будавалі без праекту, бяз пляну, абы хутчэй, абы зьнішчыць Курапаты. Але Бог аказаўся з намі, а ня зь імі”.

Зранку ў Курапаты прыяжджае на машынах самае рознае будаўнічае начальства, каб на свае вочы ўбачыць размытую дажджом дарогу. Я запыталася ў дырэктара Дарожна-будаўнічага ўпраўленьня №14 з Магілёва Яўгена Казачэнкі, які кіруе будаўнічымі работамі на гэтым участку, чаму кальцавая дарога ня вытрымала першага ж моцнага дажджу?

(Казачэнка: ) “Мы ж не дабудавалі яе яшчэ. Каб было ўсё зроблена як сьлед, то, канечне, не размыла б. Павінны былі быць замацаваныя латкі для сьцёку вады. А мы толькі пачалі, а яно ўсё размыла. Проста не пасьпелі мы дарабіць”.

Паводле Яўгена Казачэнкі, ужо сёньня будаўнікі тэрмінова пачнуць аднаўляць пашкоджаныя ўчасткі дарогі. Сёньня ўрочышча наведала й навуковая кіраўніца Курапацкага мэмарыялу Мая Кляшторная.

(Кляшторная: ) “Тое, што размылася, то павінна было так быць. Як яна будавалася, то адразу быў сумнеў, што яна вытрымае. Магчыма, што гэта яшчэ ня раз паўторыцца. Дарога яшчэ будзе мяняць свае парамэтры, будзе асядаць і гэтак далей. Тут усё можа быць. І грунты не падбіралі асабліва. Далі кар’ер паблізу, самы танны... А практычна кожны слой павінен разьлічваццца на нейкую нагрузку”.

Сёньня стала відавочнае яшчэ адно парушэньне праекту рэканструкцыі дарогі. Плянавалася, што з боку мікрараёну ўздоўж адкосу на адлегласьці аднаго мэтру будуць пракладзеныя трубы пад вадавод. Будаўнікі ж парушылі гэтыя нормы й пачалі капаць траншэю на тры–чатыры мэтры далей.

Гаворыць Мая Кляшторная:

(Кляшторная: ) “Зараз я гляджу, што экскаватаршчык робіць так, як яму зручней. І сам кажа, што там і дрэвы пападаюць. Ня мае ніякай адказнасьці кіраўніцтва, якое павіннае тут прысутнічаць і назіраць. Гэтае стаўленьне паказвае, што ім усё роўна як — уздоўж, упоперак, хоць баразьдзіць урочышча, абы зрабіць дарогу”.

Адметна, што сваім начальствам быў не задаволены й эскаватаршчык Міхаіл з Заслаўя:

(Міхаіл: ) “Я ўжо тут тры месяцы ваюю. То пачынаю працаваць, то спыняюся. І ніяк кіраўніцтва гэтай дарогі ня можа вырашыць усё як сьлед. Гэта ж не калгаснае будаўніцтва, што там чыстае поле — дзе хачу, там і капаю. А я як пайду? Грунт сыпецца. Дрэвы паваляцца, гэта адназначна. Мне ўжо так надакучыла тут, што немагчыма. Справа ў тым, што гэта нашая памяць, і вараціць усё ўздоўж і ўпоперак нельга”.
XS
SM
MD
LG