Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У КУРАПАТАХ ЗЬНІШЧЫЛІ СТЭНД З ПЛЯНАМ МЭМАРЫЯЛУ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Сёньня раніцай у курапацкім урочышчы было ціха й спакойна. Нешматлікія аматары збору ягадаў ішлі праз мэмарыял у суседні лес. На курапацкім участку кальцавой дарогі ніякія будаўнічыя работы не вядуцца, толькі двое рабочых умацоўвалі мэталічную сетку для тынку ў падземным пераходзе перад мэмарыялам.

Невядома куды зьнік стэнд з плянам мэмарыялу, які быў укапаны перад уваходам ва ўрочышча, дзе калісьці месьціўся лягер курапацкіх валанцёраў. Вось што распавёў з гэтай нагоды сакратар управы Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Уладзімер Юхо, якога я сустрэў на курапацкай алеі:

(Юхо: ) “Плян Курапатаў (стаяў стэнд на ўваходзе) тры дні таму нехта зьнішчыў. Спачатку парвалі мапу, а пасьля зьнішчылі й стэнд цалкам. Гэта гаворыць пра тое, што ўлады ня робяць ніякіх захадаў, каб хоць нейкую шыльду паставіць. Робяць толькі сябры КХП БНФ і людзі, што рэгулярна прыходзяць сюды на талаку”.

Паводле спадара Юхо, які прыходзіць у Курапаты штодня, пасьля сыходу валанцёраў міліцыя рэдка наведваецца ва ўрочышча, і тое толькі каб спраўдзіць, ці на месцы лаўка Клінтана.

Неўзабаве ў Курапатах зьявіліся валанцёры — актывісты Беларускай партыі свабоды, якія пасьля спынненьня вахты патрулююць тэрыторыю ўрочышча ўдзень. На гэтым тыдні яны знайшлі ў Курапатах некалькі выкапаных зь зямлі крыжоў. Хто ўчыніў гэты акт вандалізму, пакуль невядома. Валанцёры сваімі сіламі паставілі крыжы на месца.

Тым часам у Курапатах па-ранейшаму штосуботу ладзяць талокі сябры Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ. Праўда, апошняя талака прайшла ва ўрочышчы ўчора, бо сёньня ў КХП БНФ праходзіў Сойм. Удзельнікі талакі скасілі траву з курапацкіх магілаў.

А сёньня спадар Юхо прыйшоў ва ўрочышча, каб дарабіць тое, што не ўдалося зрабіць учора. Уладзімер Юхо распавядае пра плян стварэньня народнага мэмарыялу, які мусіць быць выкананы да канца лета:

(Юхо: ) “У нашых плянах далейшая расчыстка лесу. Будзем працягваць алею ў бок Цны, бо з таго боку таксама ёсьць танэль, які будуецца дзеля ўваходу ў Курапаты. Там нейкая стаянка робіцца ўздоўж дарогі, таму мы гэтую алею будзем далей афармляць”.

Будучая алея ў бок Цны таксама будзе аздобленая крыжамі памяці. Уладзімер Юхо гаворыць, што пасьля спыненьня кругласутачнай вахты памяці цікавасьць людзей да Курапатаў ня зьменшылася.

Нядаўна Курапаты наведалі некалькі групаў польскіх пілігрымаў, якія ехалі ў Катынь. Сьвятары-капэляны гэтых групаў адслужылі ў Курапатах Імшу памяці ахвяраў бальшавіцкага тэрору. А ўчора ў Курапаты прыходзіла вялікая група беларускіх, нямецкіх і францускіх студэнтаў, якія цікавіліся гісторыяй камуністычных рэпрэсіяў у Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG