Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МІЛІЦЫЯ ЛІЧЫЦЬ, ШТО АБАРОНЦЫ КУРАПАТАЎ — ХУЛІГАНЫ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Абаронцу Курапатаў Васіля Парфянкова судзяць у Менскім раённым судзе паводле пратаколу, складзенага міліцыянтамі. Парфянкоў нібыта абражаў міліцыянтаў нецэнзурнай лаянкай. Закон кваліфікуе гэта як хуліганскія дзеяньні й прадугледжвае пакараньне штрафам альбо 15-дзённым арыштам.

Падобны пратакол складзены і на абаронцу Курапатаў Аляксандра Поклада, які атрымаў апёкі, калі згарэў намёт, у якім начавалі валанцёры. Але Аляксандар Поклад дагэтуль у шпіталі, і працэс над ім адкладзены да ягонага выздараўленьня.

Дарэчы, стан хлопца хоць і паляпшаецца, але застаецца ўсяго толькі здавальняючым. Гэтак паведамілі мне сёньня ў прыёмным пакоі апёкавага цэнтру шпіталю хуткай дапамогі. Паводле лекараў, курс лячэньня Поклада трэба працягваць. Яго чакаюць апэрацыі па перасадцы скуры. Лячэньне хлопца патрабуе немалых грошай, і, паводле пэўных крыніцаў, знайшлася міжнародная арганізацыя, якая выдаткавала мільён рублёў на лячэньне. Мне аднак не ўдалося ўдакладніць, якая гэта арганізацыя, бо яна сябе не афішуе.

А працэс у Менскім судзе над Васілём Парфянковым учора быў спынены і перанесены на будучы панядзелак. Паводле адвакаткі Веры Страмкоўскай, пакуль суд праходзіць дастаткова аб’ектыўна.

(Страмкоўская: ) “Судзьдзя Зьміцер Грыцуль задаволіў усе нашыя хадайніцтвы , сьведкі з абодвух бакоў выслухоўваюцца вельмі ўважліва. Мы спадзяемся, што Парфянкова апраўдаюць, а потым адпаведна апраўдаюць і Поклада”.

Зьмены ў стаўленьні суда да абаронцаў Курапатаў адвакатка тлумачыць наступным чынам:

(Страмкоўская: ) “Лічу, шмат што спрычынілася да такой зьмены. І грамадзкая падтрымка, і стаўленьне многіх дзяржаўных установаў да гэтай праблемы; рашэньне пра тое, што патрэбны мэмарыял у Курапатах і адносіны міжнароднай супольнасьці. Усё гэта адыграла сваю ролю і, як я лічу, суд павінен прыняць рашэньне, якое будзе адпавядаць закону. Але што там будзе на самой справе — пабачым 10 чэрвеня”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG