Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

АБАРОНЦЫ КУРАПАТАЎ ПАД БЕЛ-ЧЫРВОНА-БЕЛЫМІ СЬЦЯГАМІ ПРЫЙШЛІ НА ПЛЯЦ НЕЗАЛЕЖНАСЬЦІ, КАБ ПЕРАДАЦЬ ЗВАРОТ ДА ЎРАДУ


Галіна Абакунчык, Менск

Каля двух дзясяткаў абаронцаў на пляц Незалежнасьці накіраваліся адразу пасьля мітынгу ў Курапатах. Каб не сустрэцца зь міліцэйскімі кардонамі і дайсьці да Дому ўраду, валанцёры вырашылі дабрацца да цэнтру гораду на грамадзкім транспарце. Ад Нямігі яны пехатою прайшлі на праспэкт Францішка Скарыны й толькі каля гатэлю Менск разгарнулі бел-чырвона-белыя сьцягі, зь якімі й дайшлі да Дому ўраду. Тут іх сустрэлі дзяжурныя міліцыянты й прапанавалі зайсьці ў будынак толькі некалькі чалавекам. Гэта зрабілі лідэр Беларускай партыі свабоды Сяржук Высоцкі й намесьнік старшыні Маладога Фронту Яўген Скочка. Работнікі канцылярыі прынялі ліст, паабяцаўшы перадаць яго вышэйшым асобам і зарэгістраваць. Увесь гэты час валанцёры стаялі на пляцы Нзалежнасьці з разгорнутымі бел-чырвона-белымі й бел-чырвона-чорнымі сьцягамі, чаго ўжо даўно не было. Сваіх лідэраў яны сустракалі воплескамі, а тыя сёньняшнюю падзею назвалі перамогай абаронцаў Курапатаў. Гаворыць лідэр Беларускай партыі свабоды Сяржук Высоцкі:

(Высоцкі: ) “Гэта першы выпадак за апошнія чатыры гады, калі тут, на гэтай плошчы зьявіўся бел-чырвона-белы сьцяг. Гэта перамога абаронцаў Курапатаў, зь якой я вас усіх віншую. Яны ўзялі заяву, яны пабаяліся зьбіваць курапацкіх абаронцаў, яны пабаяліся нас спыняць. Жыве Беларусь".

У лісьце на адрас ураду краіны абаронцы ўрочышча нагадалі, што ў Курапатах пахаваныя дзясяткі тысячаў закатаваных карнікамі НКВД грамадзянаў Беларусі і што няўшанаваньне гэтага месца кіраўніцтвам краіны ёсьць пасыўнай формай вандалізму. Яны патрабуюць, каб дзяржава ўзяла на сябе адказнасьць у справе мэмарыялізацыі Курапатаў, пачынаючы з усталяваньня агароджы й аховы. Валанцёры будуць дамагацца выкананьня сваіх патрабаваньняў. Гаворыць намесьнік старшыні Маладога фронту Яўген Скочка.

(Скочка: ) "Мы пачакаем, пакуль яны зарэгіструюць гэтую заяву, а потым пабачым і рэакцыю ўладаў. Калі нешта будзе здарацца, магчыма, давядзецца зноўку аднавіць вахту. Але я веру, што яны ўрэшце супакояцца й зразумеюць, што нас не перамагчы й Курапаты ня зьнішчыць. Пасьля гэтага звароту мы ад улады нічога не чакаем. Але сёньня мы прыйшлі на пляц Незалежнасьці – чаго даўно не было, перадалі ліст – чаго таксама даўно не было. Хто іх ведае, можа й рэакцыя якая будзе".

Сёньня ўвечары ў Курапатах будзе зьняты бел-чырвона-белы сьцяг, які сымбалізаваў валанцёрскую прысутнасьць ва ўрочышчы, і ўпершыню ад верасьня ноччу тут нікога не застанецца. Але й надалей будзе прадоўжанае штодзённае патруляваньне.
XS
SM
MD
LG