Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КУРАПАТЫ НАВЕДАЎ ЛІТОЎСКІ ПІСЬМЕНЬНІК ТОМАС ВЭНЦЛАВА


Ганна Соусь, Менск

Сёньня ў Курапатах актыўна працавалі актывісты розных палітычных партыяў і рухаў. Сябры Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ яшчэ ўчора ўвечары прывезьлі ва ўрочышча 40 крыжоў, а сёньня ўсталёўвалі іх блізу Крыжа Пакуты й на пагорку.

Гаворыць актывіст партыі Алесь Чахольскі:

(Чахольскі: ) “Наша партыя працягвае ўсталяваньне крыжоў. Сёньня мы хочам закончыць афармленьне цэнтральнай алеі. Далей будзем ставіць крыжы на магілах, уздоўж дарогі. Хочацца, каб кожны чалавек, які слухае Радыё Свабода, падумаў і паглядзеў свой радавод. Я думаю, што знойдзецца ў кожнага ў сям’і ці закатаваны дзядзька, ці бацька, ці дзед. Таму маральны абавязак гэтага чалавека — вырабіць крыж і ўсталяваць яго ў Курапатах”.

Думку Алеся Чахольскага працягвае Ўладзімер Юхо. Ён мяркуе, што трэба будзе працягнуць Алею Крыжоў да Цны:

(Юхо: ) “З боку Цны зроблены пераход. І вядома, што, калі там будуць спыняцца машыны, то людзі пойдуць з гэтага боку ў раён Курапатаў”.

Лідэр Партыі БНФ Вінцук Вячорка і другія актывісты грамадзкай ініцыятывы “За ўратаваньне мэмарыялу Курапаты” сёньня прыйшлі ва ўрочышча з рыдлёўкамі й сякерамі:

(Вячорка: ) “Сёньня — традыцыйная праца, якую трэба рабіць рэгулярна. Гэта выкарчоўваньне кустоў і зрэзваньне буйной травы і тых жа самых кустоў. Гэтую працу трэба рабіць безупынна, каб выпадковыя наведнікі ўсё ж бачылі й магільныя яміны, і крыжы, каб яны разумелі, што гэта ня проста звыклы лес. Яшчэ ў пачатку 1990-х Курапаты былі аб’яўленыя ахоўным аб’ектам, у яго ёсьць свае межы, але гэтыя межы на тэрыторыі абсалютна ніяк не пазначаныя. Мы спадзяваліся, што гэта можна будзе зрабіць ужо сёньня, але, відавочна, гэта будзе задачай наступнай талакі”.

Сяргей Мацкевіч прыйшоў сёньня ў Курапаты на талаку разам з жонкай Тамарай. Дзеда Сяргея Сільвестра Мацкевіча расстрэльвалі ў Курапатах, але той цудам застаўся жывы.

(Мацкевіч: ) “Перад самай вайной дзеда з Драгічынскага раёну забралі сюды. Яго тут стралялі, але так здарылася, што ён стаяў у другім шэрагу, і яго недастралілі, і разам зь нейкім палякам яны выбраліся ўначы з-пад трупаў і пайшлі ў бок хаты. Пакуль дайшлі дахаты, пачалася вайна. І недзе ў 1943 годзе ён, бачачы, што савецкія войскі наступаюць, і яго ізноў будуць страляць, ён пайшоў у бок захаду — у Польшчу, Нямеччыну, а ў 1949 годзе трапіў у Амэрыку. І пра гэта калісьці распавёў на Радыё Свабода. І толькі тады сваякі даведаліся, што ён жывы. Лёс склаўся так, што ў 1986 годзе ён памёр, так і ніводнага разу ня ўбачыўшы сваіх родных”.

Сёньня ўрочышча наведаў вядомы літоўскі пісьменьнік й былы дысыдэнт Томас Вэнцлава. Ён зазначыў для Радыё Свабода, што Курапаты важныя ня толькі для Беларусі, але і для ўсяго чалавецтва. Паводле Томаса Вэнцлавы, Курапаты можна паставіць у адзін шэраг з такімі месцамі як Асьвенцім і Майданэк. Спадар Вэнцлава нагадаў пра літоўскі досьвед у справе ўшанаваньня бязьвіных ахвяраў сталінскага рэжыму, пра тое, як літоўцы вывозілі парэшткі сваіх грамадзянаў з Сыбіру і Поўначы, як ставілі помнікі ахвярам рэпрэсіяў.

(Вэнцлава: ) “У Вільні існуе музэй КГБ у будынку былога КГБ. Я магу толькі пажадаць, каб у Беларусі ў будынку КГБ, які, я спадзяюся, стане будынкам былога КГБ, быў створаны падобны музэй”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG