Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВАЛАНЦЁРЫ ЗНОЎ УСТАЛЯВАЛІ Ў КУРАПАТАХ КРЫЖЫ


Ганна Соусь, Менск

Трапіць у Курапаты цяпер складана, моцныя дажджы размылі глебу, поўна лужынаў, са сьцёку няспынна цячэ вада ў бок Крыжа Пакуты. Сёньняшні дождж загасіў вогнішча валанцёраў. Самі добраахвотнікі сядзяць у маленькім намёце. Гаворыць Васіль Парфянкоў:

(Парфянкоў: ) “Моцны дождж пайшоў пад раніцу. Мы пайшлі ў танэль, ужо ўсё было бачна”.

(Карэспандэнтка: ) “А чым вы занятыя вось гэтыя апошнія дні перад тым, як будзе скончаная кругласутачная вахта памяці?”

(Парфянкоў: ) “Усталявалі нанова крыжы, якія дасталі з адкосу будаўнікі. Пяць — уздоўж адкосу, і тры — на гары паставілі”.

(Карэспандэнтка: ) “Як будзе праходзіць цырымонія зьняцьця лягеру?”

(Парфянкоў: ) “Будзе невялічкі жалобны мітынг, выступяць людзі, і мы панясем свой зварот у Савет Міністраў, калі дойдзем датуль”.

(Карэспандэнтка: ) “А каго запрашаеце на цырымонію закрыцьця?”

(Парфянкоў: ) “Усіх запрашаем, хто здолее, хто жадае — усіх. Няхай прыходзяць”.

(Карэспандэнтка: ) “Вось я гляджу, што на насыпе дарогі ляжаць пустыя бутэлькі й бляшанкі. Адкуль яны?”

(Парфянкоў: ) “А гэта ня нашае. Напэўна, толькі зараз накідалі, таму што ні ўчора, ні ўначы гэтага не было”.

Насып кальцавой дарогі ўжо зарос высокай травой. У адным месцы яна прысыпаная зямлёй. Паводле Васіля Парфянкова, гэткім чынам будаўнікі прысыпаюць насып дарогі, які прасеў.

Нагадаю, што дарогу ля ўрочышча будавалі шпаркімі тэмпамі, нягледзячы на надвор’е. Часам сьнег прысыпалі зямлёй. Валанцёры прагназуюць, што й надалей дарога будзе даваць усадку, і ня толькі насып, але й сама траса.

Валанцёр Антось Шкурынскі крыху шкадуе, што хутка давядзецца спыняць кругласутачную вахту памяці ва ўрочышчы:

(Шкурынскі: ) “Гатовы яшчэ паўгода тут праседзець дзеля сьвятой мэты. Так, канечне, трэба яшчэ й на працу, трэба і ў свой горад зьезьдзіць, але тут таксама патрэбныя людзі”.

(Карэспандэнтка: ) “А бацькі ведаюць пра тое, што тут з вамі адбываецца?”

(Шкурынскі: ) “Так, ведаюць, добра ведаюць”.

(Карэспандэнтка: ) “А як яны ставяцца?”

(Шкурынскі: ) “Добра”, — кажа валанцёр Антось Шкурынскі з расейскага гораду Мураму. Ён бярэ ўдзел у вахце памяці ў Курапатах амаль пяць месяцаў.
XS
SM
MD
LG