Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АБРОНЦЫ КУРАПАТАЎ ГАВОРАЦЬ, ШТО СПРАВА АБАРОНЫ МЭМАРЫЯЛУ ДЛЯ ІХ ЯШЧЭ НЯ СКОНЧАНАЯ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Да заканчэньня кругласутачнай вахты памяці ў Курапатах засталося трохі больш за тыдзень. Тым ня менш, гэтая акалічнасьць ня выклікала сярод валанцёраў нейкіх апатычных настрояў. Так, мінулай ноччу ў Курапатах знаходзілася 6 валанцёраў на чале з намесьнікам старшыні Маладога Фронту Яўгенам Скочкам. Хлопцы па-ранейшаму папераменна нясуць начную варту й сочаць, каб ноччу на тэрыторыі мэмарыялу захоўваўся парадак.

Сёньня ў валанцёраў зноў скончыліся прадукты, але хлопцы гавораць, што гэта не вялікая праблема. Маўляў, калі 8 месяцаў вытрымалі, то й апошні тыдзень пратрымаемся. Праўда, пры гэтым дадаюць, што былі б удзячныя людзям за харчовую дапамогу.

Сваімі думкамі з нагоды заканчэньня кругласутачнай варты дзеліцца вэтэран валанцёрскага лягеру Васіль Парфянкоў:

(Парфянкоў: ) "Сумна, сумна будзе адсюль сыходзіць. Бо так ужо прывыклі і з хлопцамі як браты сталі. Прывязанасьць вельмі вялікая. Але вечна таксама тут не праседзіш, і калі вырашылі, то трэба сыходзіць. Але ж мы сыходзім не назаўжды – проста мяняецца форма варты. Нас тут ня будзе ўначы, але днём мы тут будзем".

(Карэспандэнт: ) "На вашую думку, гэтая форма будзе больш пасьпяховай, чым пастаянныя начныя дзяжурствы, начныя патруляваньні Курапатаў?"

(Парфянкоў: ) " Ну ўначы, тут самае такое тварыцца. І п'яныя ўвечары ходзяць, і могуць прыйсьці тут што-небудзь паламаць. Але калі будзе трэба, зноў паставім намёт і будзе зноў кругласутачная варта".

Сябры Васіля Антон Шкурынскі й Яўген Восіпаў таксама шкадуюць, што прыйдзецца згарнуць намёты, але патрачаных на абарону мэмарыялу часу й высілкаў хлопцы не шкадуюць. Гаворыць Антон Шкурынскі:

(Шкурынскі: ) "Патрачаных тут сілаў не шкада, бо яны пайшлі на добрую справу".

А вось меркаваньне Яўгена Восіпава:

(Восіпаў: ) "Шкада ўсё пакідаць. Невядома, што тут будзе адбывацца. Зноў шашлычнікі будуць хадзіць у гэты лес. Сумна, 8 месяцаў – гэта тэрмін. Я, натуральна, буду прыяжджаць у суботу і ў нядзелю. Бо я сам не адсюль, я з Барысава. Буду глядзець. Лес тут будзем прыбіраць. Ну вось так".

Валанцёры ўжо пачалі прыбіраць тэрыторыю свайго лягеру ад сьмецьця. На думку Васіля Парфянкова, цяпер самае галоўнае – вывезьці з Курапатаў жалезныя рэшткі спаленага намёту. Валанцёры гавораць, што пасьля заканчэньня кругласутачнай варты ў Курапатах не павінна застацца ніякага сьмецьця.

Кожны дзень у Курапаты прыходзяць менчукі й замежныя госьці. Усе яны выказваюць падтрымку й падзяку абаронцам мэмарыялу.

Хлопцы гавораць, што удзячнасьць простых людзей для іх ёсьць галоўным крытэрам таго, што 8 месяцаў, праведзеныя ў Курапатах, не былі змарнаваным часам.
XS
SM
MD
LG