Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СПОЎНІЛАСЯ ВОСЕМ МЕСЯЦАЎ АД ПАЧАТКУ ВАХТЫ ПАМЯЦІ Ў КУРАПАТАХ


Ганна Соусь, Менск

Ужо восем месяцаў доўжыцца вахта памяці ў Курапатах, якую нясуць валанцёры з Маладога Фронту і Беларускай партыі свабоды. З гэтай нагоды валанцёры ня ладзілі ніякіх урачыстасьцяў – толькі вывесілі два новыя лёзунгі, так званыя "расьцяжкі" – з патрабаваньнем мэмарыялізацыі Курапатаў. Гаворыць Васіль Парфянкоў.

(Парфянкоў: ) "Расьцяжкі прынёс учора Сяржук Высоцкі, мы іх павесілі. Тая вялікая была раней. Учора прыяжджалі палякі, яны ехалі з Катыні й заехалі сюды. Гэта тыя палякі, чые бацькі былі расстраляныя ў Катыні. Іх шмат было, напэўна, чалавек дваццаць, поўны аўтобус. Калі яны даведаліся, што ў Алеся Поклада ўчора быў дзень народзінаў, дык яны грошы надавалі. Мы на іх купілі Алесю нармалёвы падарунак – набор для галеньня. Мы прыйшлі да яго, напэўна чалавек восем, і потым яшчэ да яго людзі йшлі й ішлі з раніцы да вечару".

Паводле Васіля Парфянкова, Алесь Поклад адчувае сябе крыху лепей, але яму яшчэ давядзецца шмат часу правесьці ў апёкавым цэнтры. А суд над самім Васілём чарговым разам перанесьлі – гэтым разам на 28 траўня. Нагадаю, што яго разам з трыма валанцёрамі 16 красавіка ў Курапатах затрымалі міліцыянты Савецкага райадзьдзелу міліцыі, пасьля чаго Парфянкова й Поклада абвінавацілі ў дробным хуліганстве.

Антось Шкурынскі, які пасьля падзеяў 16 красавіка амаль месяц правёў у прыёмніку-размеркавальніку на Акрэсьціна, сёньня зьбіраецца нарэшце забраць свой пашпарт з адзьдзелу міліцыі. Ён уладкаваўся на працу, і заўтра ў яго першы працоўны дзень.

(Шкурынскі: ) "Заўтра – мая першая працоўная зьмена. Буду працаваць вартаўніком на аўтастаянцы ля мэтро "Пушкінская". Суткі праз тры”.

Антось Шкурынскі мяркуе, што гэткі рэжым працы дазволіць яму браць актыўны ўдзел у вахце памяці ва ўрочышчы, як цяпер, так і тады, калі распачнуцца дзённыя дзяжурствы. Нагадаю, што 3 чэрвеня ў Курапатах урачыстае закрыцьцё кругласутачнай вахты памяці. А заўтра а дванаццатай гадзіне там адбудзецца чарговая талака, якую правядуць сябры Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ.
XS
SM
MD
LG