Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦІ ЗАСТАНЕЦЦА Ў КУРАПАТАХ БЕЛ-ЧЫРВОНА-БЕЛЫ СЬЦЯГ?


Ганна Соусь, Менск

Курапацкі бел-чырвона-белы сьцяг добра бачны яшчэ на падыходзе да ўрочышча. Ён добра замацаваны бэтонам у адмысловым пастамэнце. Ці магчыма захаваць нацыянальны сымбаль пасьля пераходу на дзённае патруляваньне?

Нагадаю, што раней міліцыянты неаднойчы здымалі бел-чырвона-белыя сьцягі валанцёраў. Аднак гэты, апошні, бадай, самы вялікі з усіх, лунае над Курапатамі больш за 40 дзён. Нагадаю, што яго ўсталявалі пасьля падпалу намёту. Валанцёр Дзяніс Більдзюк спадзяецца, што нацыянальны сымбаль застанецца ва ўрочышчы.

(Більдзюк: ) “Пакуль ня вырашана, што рабіць са сьцягам. Я мяркую, што яго трэба пакідаць на месцы, бо мы такімі намаганьнямі яго ставілі, што здымаць самім нельга”.

(Карэспандэнтка: ) “А які настрой у валанцёраў? Практычна тыдзень застаўся — і трэба будзе сыходзіць...”

(Більдзюк: ) “Настрой такі ж самы. Нічога не зьмянілася. Пяць чалавек начавалі. Сяржук Высоцкі а трэцяй гадзіне пайшоў дахаты. І калі ішоў, то на “кальцы” пабачыў аўтобус з АМОНам”.

Удзень Дзяніс з валанцёркай Веранікай удваіх дзяжурылі ва ўрочышчы. Вераніка вітае ідэю дзённага патруляваньня Курапатаў:

(Вераніка: ) “На мой погляд, гэта было б лепш, чым тут суткамі дзяжурыць, таму што дарога ўжо практычна пабудаваная і няма сэнсу тут далей сядзець”.

Але крыху іншае стаўленьне да гэтага рашэньня ў некаторых будаўнікоў, якія сёньня капалі траншэю для тэлефоннага й высокавольтнага кабэляў для праваслаўнай капліцы, што будуецца зараз на гары. Гаворыць будаўнік Васіль:

(Васіль: ) “Тут зноў пачнуцца раскопкі, зноў прыйдуць марадэры. Я лічу, што правільна яны тут сядзелі. Патруль прыйшоў, паглядзеў і сышоў, а на іншы пэрыяд могілкі застаюцца пустыя. За гэты час можа ўсё здарыцца — і раскапаць, і апаганіць магілы. Я за тое, каб лягер існаваў, як і раней”.

Думку спадара Васіля не падзяляе ягоны калега будаўнік Рыгор:

(Рыгор: ) “А я мяркую, што гэта ўсё бессэнсоўна. Сюды ніхто не палезе і капаць нічога ня будзе. Я ня ведаю, ужо амаль год сядзяць... Не капалі дагэтуль, і цяпер ня будуць капаць”.

Пацярпелы ад апёкаў Алесь Поклад дагэтуль знаходзіцца ў апёкавым цэнтры Менскага шпіталю хуткай дапамогі. Заўтра ў яго дзень народзінаў, і многія валанцёры зьбіраюцца 23 траўня наведаць і павіншаваць свайго паплечніка па курапацкай справе.
XS
SM
MD
LG