Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ГЕНАДЗЬ ГРУШАВЫ: "КУРАПАТЫ НЯ МОГУЦЬ БЫЦЬ "ПРЫВАТЫЗАВАНЫЯ"


Ганна Соусь, Менск

Старшыня Беларускага дабрачыннага фонду "Дзецям Чарнобылю" Генадзь Грушавы фактычна ўвесь час аказвае дапамогу абаронцам Курапатаў – харчамі, грашыма, вопраткай ды іншым чынам. Прыкладам, два невялічкія намёты, што цяпер стаяць у Курапатах – гэта ягоная дапамога. Пацярпеламу ад апёкаў Алесю Покладу перадаваў грошы на лекі менавіта Грушавы. Да таго ж, робіць ён гэта, пазьбягаючы ўсялякай публічнасьці.

(Грушавы: ) "Гэта нават ня ўчынак грамадзскага дзеяча. Я падкрэсьліваю, што гэта робіць ня фонд, які я ўзначальваю. Гэта раблю я асабіста, як асоба, як чалавек, які вельмі высока ацэньвае ўчынкі гэтай моладзі. Нават у параўнаньні з тым, што рабілі найлепшыя сыны беларускага народу і ў 19-м, і ў 20-м стагодзьдзі. Для мяне асабіста Курапаты – гэта пачатак майго новага жыцьця, таму што з Курапат пачалося асэнсаваньне таго, дзеля чаго мы жывем, чаму мы жывем, што сабой уяўляе гэтая краіна, гэты народ... 1988 год, я – удзельнік першай не дэманстрацыі, маршу. Усё, што потым адбылося ў маім жыцьці, так ці інакш зьвязанае з Курапатамі".

Генадзь Грушавы гаворыць пра рознае стаўленьне да курапацкай тэмы ў розных пакаленьняў.

(Грушавы: ) "Сёньня Курапаты ня могуць быць, так бы мовіць, прыватызаваныя выключна толькі людзьмі, якія адкрылі Курапаты і зрабілі першыя крокі для таго, каб нацыя зразумела, што адбылося зь ёй 60-70 гадоў таму. Я сам належу да старэйшай генэрацыі, я добра разумею пачуцьці тых людзей, зь якімі я пазнаёміўся 15 гадоў таму ў Курапатах. А з другога боку я адчуваю, наколькі ўсё ж важны, рашучы крок быў зроблены менавіта моладзьдзю ў той самы момант, калі Курапаты зноў паўсталі як пытаньне годнасьці гэтай нацыі".

(Карэспандэнтка: ) "Напэўна, зусім хутка, магчыма, нават заўтра ў часе прэсавай канфэрэнцыі будзе абвешчана, што вахта памяці ў Курапатах завяршаецца. Але не сканчаецца, бо ўдзень будуць працягвацца дзяжурствы, а ўначы яны будуць прыпыненыя. Некалькі месяцаў ішло абмеркаваньне, ці варта ўсё ж прыпыняць вахту памяці ў Курапатах? Якое вашае меркаваньне – ці варта цяпер сыходзіць з Курапатаў?"

(Грушавы: ) "Канешне, гаварыць аб прыпыненьні гэтай вахты нельга. Мне падаецца, што трэба шукаць новыя формы. Тое, што сёньня гэта можа быць у выглядзе дзённых пікетаў, да якіх далучаюцца самыя розныя людзі, можа, гэта й адпавядае сёньня таму, што чакае грамадзтва. Вось гэтыя 6, 7, 8 месяцаў вахты ў намёце ў самыя страшэзныя маразы... Гэта ўсе, так бы мовіць, прыелася, стала звычайным. А тыя людзі, якія не адважыліся далучыцца да гэтага, якім не хапіла мужнасьці й здароўя, ім, канечне, ня вельмі прыемна бачыць, што менавіта моладзь такую пазыцыю займае. Яны шукаюць іншыя варыянты. Можа, і трэба зрабіць гэты крок. Далучайцеся да гэтых пікетаў, прыходзьце ў Курапаты на дзень..."

У самаго Генадзя Грушавога, як і ў многіх беларусаў, родныя пацярпелі ад сталінскіх рэпрэсіяў.

(Грушавы: ) "Канечне, я таксама належу да людзей, якія маюць свой асабісты рахунак да сталінізму. Таму я таксама нясу адказнасьць за тое, што сёньня адбываецца. Мы гатовы шмат словаў казаць супраць рэжыму, які раней катаваў мільёны людзей. А вось тое, што з намі сёньня адбываецца, што мы самі ёсьць ня проста сьведкамі, але й удзельнікамі таго разбурэньня, таго катаваньня, якое зноў паўстала на гэтай зямлі, шмат людзей не заўважае. Сёньня мы павінны гаварыць ня толькі ў рэтраспэкцыйным пляне пра Курапаты. Трэба гаварыць пра тое, што можна зьмяніць яшчэ сёньня".
XS
SM
MD
LG