Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У КУРАПАТЫ І ПАСЬЛЯ РАДАЎНІЦЫ ПРЫХОДЗЯЦЬ ЛЮДЗІ, КАБ ПАМЯНУЦЬ СВАІХ ПРОДКАЎ, ПАЦЯРПЕЛЫХ АД БАЛЬШАВІЦКАГА ТЭРОРУ


Ганна Соусь, Менск

У Курапатах, стоячы блізу Крыжа Пакуты, я размаўляю з Генадзем Дземчанкам. Ён распавядае пра лёс свайго дзеда, пацярпелага ад сталінскіх рэпрэсіяў.

(Дземчанка: ) “Дзед адседзеў сем гадоў пасьля вайны ні за што. А бабуля з чатырма малымі дзецьмі... Можаце ўявіць, якое было жыцьцё, малыя ледзь не памерлі з голаду. А дзед таксама застаўся жывым выпадкова. Як ён казаў, працянуў бы яшчэ тыдзень–два, і памёр бы з голаду. Але прыйшоў там нехта зь лягернага начальства й запрасіў яго на працу, бо дзед быў столяр. Спачатку іх падкармілі некалькі тыдняў, а потым яны пачалі працаваць — нешта будаваць гэтаму начальству. Вось так ён і застаўся жывы”.

Генадзь Дземчанка сёньня каля гадзіны правёў у Курапатах — хадзіў уздоўж Алеі Крыжоў, узгадваў мінулае.

(Дземчанка: ) “Наведаў Курапаты, і неяк на душы стала сьвятлей, спакайней — вельмі прыгожыя крыжы ўкапаныя. Здаецца, калі тут будуць ствараць афіцыйны мэмарыял, то гэта будзе памылкова. Трэба, каб людзі самі тут нешта стварылі, свой помнік гэтаму месцу. Калі беларусы застануцца народам, нацыяй, то гэта будзе нашым духоўным мэмарыялам”.

Што да валанцёрскага жыцьця ў лягеры, то тут усё па-ранейшаму — вахта памяці працягваецца. Гаворыць актывіст Дзяніс:

(Дзяніс: ) “Ноч прайшла спакойна. Начавалі чатыры чалавекі”.

(Карэспандэнтка: ) “Як Вы лічыце, якая цяпер асноўная задача валанцёраў, якія знаходзяцца ў Курапатах?”

(Дзяніс: ) “Галоўная задача — не дазваляць рабіць усялякія сьвяты на костках, я маю на ўвазе пікнікі й гэтак далей. І ранейшая місія — тлумачыць людзям, што гэта за месца, і чаго мы тут сядзім”.

На сайце Радыё Свабода цяпер ладзіцца апытаньне. Наведнікам сайту прапануецца пытаньне “Колькі яшчэ ахоўваць Курапаты?” і чатыры варыянты адказу: “Да заканчэньня пабудовы прылеглай часткі дарогі”, “Да заканчэньня пабудовы ўсёй дарогі”, “Да стварэньня мэмарыяльнага комплексу”, “Пакуль кіруе Лукашэнка”. Я папрасіла валанцёраў выбраць свой варыянт адказу. Актывіст Антось Шкурынскі схіляецца да наступнага:

(Шкурынскі: ) “Ёсьць розныя меркаваньні. Былі нават пагрозы, каб мы сыходзілі адсюль хутчэй. Пакуль мы тут, сыходзіць не зьбіраемся. Хутчэй за ўсё, да мэмарыялізацыі Курапатаў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG