Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У КУРАПАТАХ АДБЫЛІСЯ ЖАЛОБНЫЯ НАБАЖЭНСТВЫ, ЯКІЯ ПРАВІЛІ ПРАВАСЛАЎНЫ Й КАТАЛІЦКІ СЬВЯТАРЫ


Ганна Соусь, Менск

Сёньня ў Курапатах паміналі людзей, расстраляных тут бальшавіцкім рэжымам. Жалобныя ўрачыстасьці наладзілі сябры Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ. Ксёндз Пётар з Касьцёлу Сьвятых Сымона й Алены справіў жалобнае набажэнства.

(Пётар: ) “Зараз мы за ўсіх загінулых у Курапатах — незалежна ад таго, ці гэта католікі, праваслаўныя, пратэстанты, ці іншыя канфэсіі — сьпяваем “Нешпоры” — малітву, якая бярэ пачатак ад першых хрысьціянаў:

Божа, прыйдзі мне на дапамогу,
але не сьпяшайся мне на паратунак.
хвала Айцу й Сыну й Духу сьвятому
як было спрадвеку, цяпер і назаўсёды,
і на векі вечныя. Амэн”.

Жалобнае набажэнства ў Курапатах справіў і сьвятар Беларускай Праваслаўнай Аўтакефальнай Царквы айцец Леанід Акаловіч. Ля Крыжа Пакутаў гучаць імёны бязьвінна загінулых у Курапатах:

(Акаловіч: ) “Супакой душы рабоў тваіх, слугаў, курапацкіх пакутнікаў — Каранеўскага Язэпа, Ігнатоўскіх Юр’я і Валянціна, дзяцей вядомага акадэміка Іваноўскага, Сымона Рак-Міхайлоўскага... Тут расстраляныя таксама многія дзеячы Акадэміі Навук. Памяні, Божа, у сваім царстве Сяргея Дубінскага, Аляксандра Каваленю, Аляксандра Ляўданскага — беларускіх археолягаў. І шматлікую групу беларускіх пісьменьнікаў памяні, Госпадзі, у сваім валадарстве — Якава Бранштэйна, Анатоля Вольнага (Ажгірэя), Алеся Дудара (Далідовіча), Міхася Зарэцкага, Васіля Кавалёва, Тодара Кляшторнага, Майсея Кульбака, Юрку Лявоннага...”

Каля сарака чалавек слухаюць моўчкі, гараць зьнічы, лунаюць бел-чырвона-белыя сьцягі. А ў лесе ля дрэваў стаяць міліцыянты. Да жалобных мерапрыемстваў ва ўрочышча прыгналі зялёны “аўтазак”.

Вось прытуліўшыся да дрэва, абапіраючыся на мыліцы, стаіць Надзея Дземідовіч. Маладой дзяўчынай пасьля вайны яна трапіла ў Кенгірскі лягер.

(Дземідовіч: ) “Для мяне Курапаты — заўсёды цяжкія ўспаміны. Тут столькі нявінных людзей загінула ні за што. І цяжка за тое, што й цяпер круцяць, муцяць, і што цяпер яны працягваюцца. Адчуваю тую цяжкасьць у грудзях, але яшчэ больш мне страшна, каб нас ізноў з Расеяй не злучылі, і каб зноў не пайшлі тыя Курапаты па ўсёй зямлі, як раней”.

Сёньня ў Курапатах кожны гаварыў пра тое, што баліць. Рэжысэр Валеры Мазынскі ўзгадаў лёс Уладзіслава Галубка:

(Мазынскі: ) “Яму якраз 120 год з дня нараджэньня. А калі ён загінуў, магчыма, тут вось, у гэтым лесе, яму было столькі, колькі мне цяпер. Пачаў ён пісаць для тэатру ў 1917-м гэтым страшным годзе. Але ў 1928 годзе ён ужо быў першы заслужаны артыст БССР. Бачыце, дзяржава ня хоча выпускаць з рук таленавітых людзей, але, відаць, не да канца прыбрала. Ён ня быў палітыкам, ён сапраўды любіў беларускія танцы, любіў сьпяваць, пісаў для беларускай сцэны, ён езьдзіў на калымажках па вёсках, іграў спэктаклі й быў з гэтага шчасьлівы. І за тое, што ён быў з гэтага шчасьлівы, мы сёньня пішам, што 1937 год — гэта заканчэньне яго дзейнасьці”.

Паводле Валерыя Мазынскага, тое, што адбываецца зараз у беларускім тэатральным сьвеце, гэта блізкі паўтор падзеяў тых часоў, калі тварыў Уладзіслаў Галубок.

Сакратар управы Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Алесь Чахольскі гаворыць пра традыцыю беларусаў памінаць памерлых на Радаўніцу.

(Чахольскі: ) “У гэты дзень мы павінны прыходзіць да нашых продкаў, нявінна тут закатаваных, і ўшаноўваць іх памяць. Хто акрамя нас ушануе, скажыце, калі ласка? Ніхто, акрамя нас, беларусаў. Тое, што на Радаўніцу прынесены звычай расьпіваць сьпіртовыя напоі на магілах сваіх жа продкаў, то для беларусаў гэта не характэрнае, ніколі беларусы гэтага не рабілі. Ты можаш прыйсьці дахаты й памянуць, але ж гэта не па-хрысьціянску — ладзіць фэсты на магілах сваіх продкаў”.

Сёньня ва ўрочышчы курапацкіх пакутнікаў памінаў і паэт Анатоль Вярцінскі.

(Вярцінскі: ) “У свой час я ўжо пісаў ад імя тых, каго няма ў жывых: “Вы нам не шкадуйце сумотных, журботных пачуцьцяў сваіх. Лепшая памяць для мёртвых — гэта любоў да жывых”. Але я думаю, што тут недастаткова гаварыць толькі пра любоў, пра нашую вернасьць памяці нявінна забітых, тут трэба згадваць, што тут ня проста загінулыя, а тут забівалі людзей, забівалі нявінных. І таму мы павінны помніць, прыходзіць сюды з пачуцьцём ня толькі міласэрнасьці, памяці пра тых, хто загінуў, але й з пачуцьцём гневу, абурэньня, болю й пратэсту”.

Пры канцы жалобных урачыстасьцяў каталіцкі й праваслаўны сьвятары асьвяцілі Алею Крыжоў, якую цягам апошніх месяцаў усталявалі ўздоўж курапацкай прасекі сябры Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ.
XS
SM
MD
LG