Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У АПЁКАВЫМ ЦЭНТРЫ МЕНСКАГА ШПІТАЛЮ ХУТКАЙ ДАПАМОГІ АБАРОНЦУ КУРАПАТАЎ АЛЕСЮ ПОКЛАДУ ЗРАБІЛІ АПЭРАЦЫЮ


Ганна Соусь, Менск

Лекар апёкавага цэнтру Менскага шпіталю хуткай дапамогі Валянцін Машэль ахарактарызаваў стан Алеся Поклада як цяжкі й кампэнсаваны. Сёньня Алесю зрабілі апэрыцыю нэкрактаміі — прыбралі нэкратычны струп. Паводле Валянціна Машэля, ужо сёньня да іх прыходзілі донары здаваць кроў для Алеся.

(Машэль: ) "Прыходзілі тры чалавекі. Паводле маці Алеся, прыйдуць яшчэ людзі, бо яны цяпер афармляюць даведкі ў паліклініках. Толькі, разумееце, нам ня трэба, каб сюды ішлі натоўпам. Трэба тры-чытары чалавекі штодзень".

Валянцін Машэль запэўніў Радыё Свабода, што Алесю Покладу ампутацыя не пагражае. Пры гэтым лекар пакуль ня можа сказаць, колькі Алесю яшчэ давядзецца знаходзіцца ў рэанімацыі і ўвогуле ў апёкавым цэнтры.

(Машэль: ) "Прагназаваць вельмі цяжка. Паклалі яго на добры францускі ложак. Прыбралі струп, зараз раны будуць падсыхаць, інтаксыкацыя паменшыцца, будзе крыху лягчэй. Хутчэй за ўсё, спатрэбіцца перасадка скуры".

(Карэспандэнтка: ) "Можа, патрэбная дапамога лекамі?"

(Машэль: ) "Пакуль хапае. Калі чаго хапаць ня будзе, мы адразу скажам".

Цяпер да падзеяў у Курапатах. Сёньня раніцай я засьпела ва ўрочышчы валанцёра Віталя Апета з Крупак. Ён распавёў, што мінулую ноч у лягеры правялі тры актывісты. Віталь ужо ня першы раз прыяжджае з Крупак на дзяжурства ў Курапаты.

(Карэспандэнтка: ) "А як у Крупках ставяцца да таго, што вы прыяжджаеце ў Курапаты?"

(Апет: ) "Добра. З Крупак сюды на пару дзён прыяжджаў яшчэ Аляксей Сарока. Гэтай ноччу ўсё было нармалёва, не было ніякіх здарэньняў. Усю ноч дзяжурылі ля вогнішча".

Будаўнікі цяпер працуюць над узьвядзеньнем падпорнага мура Курапацкага пагорку. Пакрысе завяршаецца й будаўніцтва падземнага пераходу. Будаўнік Ігар ня можа дакладна сказаць, калі завершацца працы, бо, паводле яго, усё залежыць ад таго, як хутка ім падвозяць будаўнічыя матэрыялы. Спадар Ігар з павагай ставіцца да Курапатаў і валанцёрскай вахты памяці:

(Ігар: ) "Раней ведалі па чутках, але цяпер убачылі, што тут людзі былі забітыя, расстраляныя. Памяць людзкая павінна быць. Мы ўвесь час ходзім праз гэты лес да нашых бытовак..."

Расповед Ігара працягвае будаўнік Уладзімер зь менскага будаўнічага трэсту №1. Ён упэўнены, што ў Курапатах нарэшце будзе ўзьведзены мэмарыял, і ягонае стварэньне пачынаецца з мастацкага афармленьня ўваходнага мура падземнага пераходу.

(Уладзімер: ) "Сьценку гэтую робяць мэмарыяльную, як на Нямізе. Цалкам бэтон зь зялёным адценьнем і гранітныя ўстаўкі будуць. Гэтак сама й з другога боку. І думаю, што паставяць і помнік, калі ўжо ўсе працы скончацца".
XS
SM
MD
LG