Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЧАСТКА АБАРОНЦАЎ КУРАПАТАЎ БЯРЭ ЎДЗЕЛ У "ЧАРНОБЫЛЬСКІМ ШЛЯХУ"


Ганна Соусь, Менск

Мінулую ноч у лягеры абаронцаў Курапатаў было сем валанцёраў. Паводле валанцёра Сяржука Мацкойця, ноч прайшла спакойна, а з самай раніцы ў Курапатах зьявіліся наведнікі.

(Мацкойць: ) "Да нас падышоў міліцыянт, якога накіравалі сюды на пост. Сам ён — участковы з Мачулішчаў. Мы зь ім прайшліся, паразмаўлялі. Відаць, што чалавек упершыню ў Курапатах і ўспрымае блізка да сэрца ўсё тое, што тут адбылося. Можна сказаць, сапраўдны супрацоўнік міліцыі, а ня тыя менты, якія звычайна нас сустракаюць на акцыях. Прыехалі сёньня муж з жонкай з Глыбокага. Замацавалі іконку й бел-чырвона-белы сьцяжок на дрэве..."

Сяржук Мацкойць разам зь іншымі валанцёрамі бярэ ўдзел у Чарнобыльскім шляху, аднак у часе акцыі ў Курапатах абавязкова застануцца іншыя актывісты. Для Сяржука Мацкойця 26 красавіка — сумная гадавіна, бо шаснаццаць гадоў таму пятнаццацігадовым падлеткам, прыпісаўшы сабе адзін год узросту, ён паехаў на Чарнобыльскую атамную электрастанцыю.

(Мацкойць: ) "На трэці дзень пасьля аварыі я апынуўся сярод ліквідатараў. Як там жартавалі, ёсьць тры варыянты дурняў — круглы дурань, квадратны дурань і добраахвотнік. Вось я быў у трэцяй катэгорыі. Амаль месяц я там прабыў, атрымаў артыкул 18. Але ж мне давялося кінуць гэтае пасьведчаньне тут у Менску, пасьля таго як даведаўся, што ліквідаратарам №1 у Саюзе ліквідатараў стала небезьвядомая фігура Аляксандра Лукашэнкі. Зараз я ўваходжу ўва ўкраінскую Раду ліквідатараў "Зныч".

Сяржук Мацкойць узгадвае падзеі шаснаццацігадавой даўніны.

(Мацкойць: ) "У асноўным я працаваў як дазымэтрыст. Праверка радыяцыі на КПП, праверка радыяцыі ў самім горадзе Славуцічы і высьвятленьне ачагоў найбольшага выпраменьваньня з наступнай іх ліквідацыяй. Чарнобыльскі шлях — гэта сумная гадавіна, кожны год я бяру ўдзел у гэтай акцыі".

Сёньня будаўнікі капалі траншэю ля падземнага пераходу для падпорнай сьценкі. Адметны факт: раней плянавалася, што гэта будзе рабіцца пры дапамозе будаўнічай тэхнікі, але ў рэшце рэшт было прынятае рашэньне выкапаць траншэю рыдлёўкамі, бо нельга, каб на тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасьці працавала будаўнічая тэхніка. Гаворыць будаўнік Васіль:

(Васіль: ) "Капаем траншэю. Няма экскаватара, тым больш, што тут вада, усё затопіць, трэба хутка рабіць. Сёньня зробім".

(Карэспандэнтка: ) "А калі падпорную сьценку будзеце ставіць?"

(Васіль: ) "Пасьля выходных, напэўна".

Сёньня павінен быў адбыцца суд над валанцёрам Васілём Парфянковым, якога, нагадаю, абвінавачваюць у дробным хуліганстве. Чарговы раз суд быў перанесены — на 16 траўня. Цяпер справу Васіля Парфянкова й Алеся Поклада будзе разглядаць суд Менскага раёну. Што да стану здароўя апошняга, то, паводле дзяжурнага лекара апёкавага цэнтру менскага шпіталя хуткай дапамогі, ён па-ранейшаму цяжкі. Алесь Поклад дагэтуль застаецца ў рэанімацыі.
XS
SM
MD
LG