Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У КУРАПАТАХ ПРАЦЯГВАЕЦЦА ВАХТА ПАМЯЦІ


Ганна Соусь, Менск

Участак дарогі ля Курапатаў практычна падрыхтаваны для ўкладкі асфальту. Будаўнікі цяпер даводзяць да такой жа ступені гатоўнасьці іншыя ўчасткі кальцавой дарогі. Сёньня ў лягеры я засьпела толькі аднаго валанцёра — Васіля Парфянкова.

(Парфянкоў: ) "Ноч прайшла спакойна. Міліцыя ў лесе стаяла, было пяць чалавек міліцыянтаў. Нас начавала шэсьць чалавек. Ноч была спакойная, ветру не было, было ціха, спаць у намёце зараз нармалёва".

(Карэспандэнтка: ) "Колькі часу вы зьбіраецеся яшчэ тут знаходзіцца?"

(Парфянкоў: ) "Можа, месяц, можа, два. Пакуль на гэтым участку ня скончацца працы".

Пакуль я размаўляю з Васілём Парфянковым, у лягер падыходзіць сяржант зь Менскага райаддзелу міліцыі. Ён — адзін з тых, хто дзяжурыць ля ўрочышча. Міліцыянт распытвае нас пра Курапаты й вахту памяці, а пасьля скардзіцца, што яму ўжо на тры тыдні затрымліваюць выплату заробку.

Мой наступны суразмоўца — Уладзімер Юхо. Ён браў удзел ва ўчорашнім перазахаваньні чалавечых парэшткаў, знойдзеных надоечы ў курапацкім лесе:

(Юхо: ) "Паклалі парэшткі разам у чыстую прастыню. Адбылася маленькая імша па загінулым, і па гэтым чалавеку, які быў ахвярай НКВД. Захавалі на глыбіню пракладна 1,5 мэтры з усімі пашанамі ў тым месцы, дзе былі знойдзеныя гэтыя парэшткі. Я тут жыву непадалёк і кожны дзень падыходжу ў Курапаты, сачу за тым, якія зьмены тут адбываюцца. Працягваецца руйнаваньне й будаўніцтва гэтай непатрэбнай дарогі. Прыйдзе час, і людзі, якія тут жывуць, пасадзяць лес на гэтым месцы, адновяць зону тых дрэваў, якія былі ўздоўж дарогі".

Акрамя Уладзімера Юха сёньня Курапаты наведаў і Сяргей Шынкевіч з партыі БНФ:

(Шынкевіч: ) "Мае дзяды не па прамой лініі былі зьнішчаныя бальшавікамі, раскулачаныя. З дзьвюх вялікіх сем'яў выжыла толькі адная дзяўчынка. Усе загінулі, я ня ўпэўнены, што ў Курапатах, можа ў Сібіры ў месцы такога кшталту, як Курапаты. Мы людзі ўсё ж, ня быдла, павінны па-людзску ставіцца да сваіх продкаў, да сваёй мінуўшчыны, каб гэтае не паўтарылася ў будучыні".

Сёньня ж я патэлефанавала намесьніку начальніка міліцыі грамадзскай бясьпекі Менскага раёну Ігару Зяневічу. Паводле яго, крымінальная справа з прычыны пажару ў намёце не заведзеная. Спадар Зяневіч схіляецца да вэрсіі неасьцярожнага абыходжаньня з агнём. А ў прэсавай службе Міністэрства надзвычайных сытуацыяў мне паведамілі, што прычына ўзгараньня намёту 19 красавіка — гэта парушэньне правілаў пажарнай бясьпекі пры карыстаньні газавым прымусам.

Што да стану здароўя пацярпелага ад пажару валанцёра Алеся Поклада, то ён дагэтуль знаходзіцца ў аддзяленьні рэанімацыі апёкавага цэнтру менскага шпіталя хуткай дапамогі. Паводле дзяжурнага лекара цэнтру, ягоны стан па-ранейшаму цяжкі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG