Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

УЧОРА ЎНАЧЫ Ў КУРАПАТАХ ЗГАРЭЎ НАМЁТ ВАЛАНЦЁРАЎ


Ганна Соусь, Менск

Прыехаўшы раніцай у Курапаты, я ўбачыла асмаленыя рэшткі вайсковага намёту, які прастаяў ва ўзрочышчы больш за пяць месяцаў — захавалася толькі "буржуйка" й мэталічныя прадметы. У валанцёраў Ірыны Вяткінай й Васіля Парфянкова твары былі ў сажы, яны разгублена стаялі побач з рэшткамі намёту. Васіль распавядае Радыё Свабода пра падзеі мінулай ночы:

(Парфянкоў: ) "Уначы засталося толькі тры чалавекі, таму мы ня выставілі начную варту. Каля трох гадзінаў ночы прачнуліся ад дыму. Я адразу выскачыў з гасьніцай, пабачыў, што гарыць вось гэты вугал намёту, і полымя пераходзіць далей, на дах. Некалькі разоў зьбілі полымя гасьніцай, але яна скончылася. Пачалі шукаць Алеся, ён увечары лёг на адно месца, потым перавярнуўся, апынуўся на другім месцы. Мы падумалі, што ён выбег. Выбеглі зь Ірынай на вуліцу й пачулі крыкі. Давялося парваць фортку, намёт і выцягнулі яго. Ён вельмі моцна абгарэў — шыя, рукі, ногі".

(Карэспандэнтка: ) "Вы выклікалі міліцыю?"

(Парфянкоў: ) "Выклікалі. Адразу прыехалі міліцыянты, хвілін празь дзесяць. Потым прыехала "хуткая" праз 40 хвілінаў, потым пад'ехалі пажарныя. Ім засталося толькі вугольле заліць".

Да расповяду Васіля Парфянкова пэўныя падрабязнасьці дадае Ірына Вяткіна:

(Вяткіна: ) "Прачнулася ад дыму. Штурханула Васіля, што гарым... Потым сядзелі ля намёту, калі Васіль успомніў, што там былі балёны з прапанам... Міліцыянты казалі, маўляў, напэўна, вы самі падпалілі намёт".

Раніцай, даведаўшыся пра падпал намёту, у Курапаты адразу прыбег Сяржук Высоцкі, крыху пазьней ва ўрочышча прыехалі Павал Севярынец, Вячаслаў Сіўчык, Яўген Скочка ды іншыя актывісты. Гаворыць лідэр Беларускай партыі свабоды Сяржук Высоцкі:
(Высоцкі: ) "Калі ўсе прыёмы аказаліся неэфэктыўнымі — ад пагрозаў, ад шантажу, розных зьбіваньняў, ад арыштаў, ад таго, што пачалі скрадаць людзей — цяпер вось да гэтага дайшлі. Ня трэба вялікай мужнасьці й вялікай падрыхтоўкі, каб падкрасьціся ўначы, трошкі лінуць на намёт і падпаліць яго".

Паводле лідэра "Маладога фронту" Паўла Севярынца, гэтая акцыя адбылася невыпадкова менавіта зараз, бо да заканчэньня земляных работаў засталося зусім мала часу:

(Севярынец: ) "Варта ў Курапатах будзе працягвацца. У якой форме, мы гэта вырашым абавязкова. І абавязкова знойдзем тых людзей, якія гэта зрабілі. Наконт гэтага няхай дараваньня не чакаюць. Тое, што робіцца — падпальваньне жывых людзей у намёце — так гітлераўцы рабілі падчас вайны. Так рабілі энкэвэдэшнікі. Гэта з таго часу, гэта тое, што рабілася 60 гадоў таму".

А вось меркаваньне актывіста партыі БНФ Вячаслава Сіўчыка:

(Сіўчык: ) "Гэта кладзецца на тую палітыку тэрарызму, якую праводзіць сёньня беларускі рэжым. Пасьлядоўна зьнішчаецца ўсё, што зьвязана зь Беларусьсю. Відавочна, што сам Лукашэнка ставіў задачу зьнішчыць мэмарыял, і гэтая трагедыя, якая адбылася сёньня пад раніцу — гэта ўжо заключны этап".

Я зьвярнулася ў Менскі раённы аддзел міліцыі, каб высьвятліць пункт гледжаньня міліцыянтаў на гэтае здарэньне.

(Карэспандэнтка: ) "Скажыце, калі ласка, ці ўзбуджаная крымінальная справа ў сувязі са спаленьнем намёту?"

(Дзяжурны: ) "Праводзіцца праверка, справа яшчэ не ўзбуджалася".

Адказаў дзяжурны Менскага райаддзелу міліцыі. Пакуль казаць пра вэрсіі прычынаў здарэньня ён не захацеў.

Варта заўважыць, што апошнімі днямі многім абаронцам Курапатаў пагражалі невядомыя асобы, якія называлі сябе арганізацыяй "Сумленьне Курапатаў". Яны патрабавалі, каб валанцёры сышлі з урочышча. Дарэчы, ўчора нехта, прадставіўшыся сябрам арганізацыі "Сумленьне Курапатаў", патэлефанаваў асабіста мне на мабільны тэлефон і папрасіў аб сустрэчы. Я дамовілася стэлэфанавацца пазьней, але больш званкоў не было.

Што да іншых вэрсіяў здарэньня. Валанцёры часам палілі ў намёце, пэўную небясьпеку ўяўляла і старая "буржуйка", якой ацяпляўся намёт. Дарэчы, раней было некалькі выпадкаў, калі ад іскраў "буржуйкі" запальваўся дах. Але гэта — толькі вэрсіі. Далейшыя акалічнасьці ўчорашняга здарэньня будуць высьвятляцца.
XS
SM
MD
LG