Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АБАРОНА КУРАПАТАЎ ДОЎЖЫЦЦА 200 ДЗЁН


Ганна Соусь, Менск

Над Курапатамі лунае бел-чырвона-белы сьцяг з чорнай стужкай. Ужо больш за месяц міліцыянты нават не спрабуюць зьняць яго. Паводле валанцёраў, гэта ёсьць адным з вынікаў двухсотдзённага супрацьстаяньня ў Курапатах. Дарэчы, сёньня ва ўрочышчы ніякім чынам гэтую дату не адзначалі — падставаў для радасьці было няшмат. Засыпаныя крыжы, вада, што бесьперапынна бяжыць са сьцёку ў бок Крыжа Пакуты — гэта ўсё наступствы рэканструкцыі кальцавой дарогі, якое не спыняецца ні на дзень.

Валанцёр Васіль Парфянкоў мяркуе, што цяпер пачынаецца найбольш складаны этап у вартаваньні Курапатаў — будаўнічыя працы павінны завершыцца цягам месяца, і таму патрэбны пільны кантроль за хадой будаўніцтва. Паводле Васіля Парфянкова, валанцёры пакідаць урочышча не зьбіраюцца:

(Парфянкоў: ) "Пакуль ня скончацца ўсе работы, пакуль будаўнікі не пайдуць. А магчыма, пакуль тут не пабудуюць мэмарыял".

(Карэспандэнтка: ) "Як Вы мяркуеце, што ёсьць галоўным вынікам 200-дзённага супрацьстаяньня?"

(Парфянкоў: ) "Нарэшце тут будуць будаваць мэмарыял, які абяцалі яшчэ з 1989 году. Вось гэтае галоўнае. А тое, што дарога — дык яе падсыпаюць, падсыпаюць і падсыпаюць. Усё, што мы раней тут адваявалі, усё засыпалі".

Васіль Парфянкоў бярэ ўдзел у вахце памяці ў Курапатах ужо амаль пяць месяцаў.

Апошнім часам у лягеры паменела валанцёраў. Уначы тут было тры чалавекі. Існуюць праблемы й з харчамі. Працягвае Сяржук Высоцкі:

(Высоцкі: ) "Апошнім часам трымаемся толькі дзякуючы прыватным ахвяраваньням грамадзянаў і сямейным магчымасьцям. Нехта прыносіць малака, кавалак сала, хлеб. Трымаемся на адной ідэі, на фанатызьме".

Лідэр Беларускай партыі свабоды Сяржук Высоцкі падсумоўвае вынікі двухсотдзённай варты ў Курапатах:

(Высоцкі: ) "У выходныя дні, асабліва калі трошкі цяплей, каля сотні чалавек прыходзяць сюды, каб ушанаваць памяць продкаў, якія нявінна загінулі ад расейскага камуна-фашызму. У Курапаты прыходзяць маці з дочкамі, школьныя настаўнікі з вучнямі. Мэмарыялізацыя ў сэрцах людзей ужо адбылася. Гэта вялікая перамога, якой, я лічу, можна ганарыцца.

Увага, пра якую мы не маглі марыць паўгады таму, бясспрэчна, існуе з боку простых беларускіх грамадзянаў. Пытаньне сталінскіх рэпрэсій, праўда пра злачынствы НКВД, пра тое, што зрабілі з беларускім народам, яна даходзіць".

Сяржук Высоцкі заклікае грамадзскасьць далучыцца да абароны Курапатаў менавіта цяпер, калі зноў паўстала пагроза нацыянальнаму нэкропалю.
XS
SM
MD
LG