Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АНАТОЛЬ БЕЛЫ ХОЧА ЎГАНАРАВАЦЬ АДМЫСЛОВЫМ МЭДАЛЁМ Й ДЫПЛЁМАМ УСІХ АБАРОНЦАЎ КУРАПАТАЎ


Ганна Соусь, Менск

На ўрачыстым паседжаньні з нагоды Дня Волі шасьцёра абаронцаў Курапатаў былі ўзнагароджаныя ганаровымі мэдалямі. Старшыня клюбу "Спадчына" Анатоль Белы мяркуе, што трэба нейкім чынам адзначыць усіх валанцёраў, якія нясуць вахту памяці ў Курапатах.

(Белы: ) "Я, вядома, хацеў бы адшукаць такую форму ганараваньня, адзначэньня іх, якая была б прыемная й з тэхнічнага пункту гледжаньня, і была бы прыемная ім таксама. Прыкладам, можа, нейкім мэдалём, выкананым у мэтале, ганараваць усіх. Зрабіць вялікі адмысловы дыплём і унесьці ў яго імёны ўсіх гэтых людзей. Гэты мэдаль і дыплём захоўваць дзе-небудзь у музэі ці нейкім архіве, а астатнім выдаць дублікаты гэтага дыплёму. Гэта можа быць і мэдаль Крыжа Эўфрасіньні Полацкай, гэта можа быць мэдаль Кастуся Каліноўскага "За самаахвярнасьць".

Размаўляючы са спадаром Белым, я ўзгадваю падзеі 1999 году, калі з ініцыятывы менскага гарадзскога грамадзска-асьветніцкага клюбу "Спадчына" быў створаны грамадзскі камітэт, які ставіў на мэце ўзьвядзеньне ў Курапатах помніка "Пакутнікам Беларусі". Плянавалася, што помнік у форме Крыжа сьвятой Эўфрасіньні Полацкай вышынёй больш за тры мэтры будзе ўсталяваны там на Дзень Волі 25 сакавіка 1999 году.

У склад грамадзскага камітэту тады ўвайшлі "Мартыралёг Беларусі", Асацыяцыя ахвяраў палітычных рэпрэсій, Хрысьціянская злучнасьць "Курапаты" ды іншыя арганізацыі. Быў нават адкрыты банкаўскі рахунак для ахвяраваньняў на помнік.

Мінула тры гады. Помніка ў Курапатах дагэтуль няма. Чаму? З гэтым пытаньнем я зьвяртаюся да Анатоля Белага:

(Белы: ) "Камусьці не захацелася, каб гэты помнік стаяў. Удар увесь быў накіраваны на мяне. Па-першае, паставілі пад сумнеў стварэньне такога помніка. Па-другое, паставілі пад сумнеў, што ўжо помнік робіцца. Па-трэцяе, аўтар помніка скульптар Мірончык як бы адмовіўся ад таго, што ён пачаў рабіць".

Анатоль Белы больш падрабязна распавядае пра помнік:

(Белы: ) "Менавіта Крыж Эўфрасіньні Полацкай. Тры з паловай мэтры вышыня крыжа — дакладнае паўтарэньне. З выявамі ўсіх сьвятых, і нават ня толькі тых, якія на крыжы Эўфрасіньні Полацкай, але й усіх сьвятых Зямлі Беларускай".

Анатоль Белы сьцьвярджае, што гэты крыж ужо зроблены:

(Белы: ) "Хочаце, зараз паедзем і я вам пакажу яго. Ён ужо зроблены — такі, як я і плянаваў. Я ня буду казаць, дзе быў зроблены й як. Я чакаю толькі зручнага моманту. Цяпер крыжы паўсюль ставяць. Можа, не такія, як я паставіў, але ж гэтая ідэя запанавала..."

Але калі я выказала жаданьне паглядзець на крыж, Анатоль Белы, спаслаўшыся на занятасьць, адмовіў мне ў гэтым, паабяцаўшы паказаць крыж у іншы час.

Ці зьбіраецца Анатоль Белы прапаноўваць свой помнік на конкурс, калі будзе створаная Рэспубліканская камісія, чаго дамагаюцца актывісты грамадзскай ініцыятывы "За ўратаваньне мэмарыялу Курапаты"? На гэтае пытаньне Анатоль Белы адказаў наступным чынам:

(Белы: ) "Ні ў якім выпадку. Я ня веру ні ў якія камісіі, я ня веру ні ўва што".

Паводле Анатоля Белага, на сёньняшні момант КГБ ні за што не дазволіць, каб у Курапатах быў усталяваны помнік ахвярам сталінскіх рэпрэсій.
XS
SM
MD
LG