Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БУДАЎНІКІ СПЫНІЛІ РАБОТЫ НА КУРАПАЦКІМ УЧАСТКУ ДАРОГІ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Сёньня ў Менску быў халодны й сонечны дзень. У курапацкім лягеры заставаліся толькі двое валанцёраў — Антось і Алег, якія беcпасьпяхова спрабавалі распаліць вільготнымі дровамі печку ў намёце. Валанцёры скардзіліся, што сёньняшняя ноч выдалася нечакана халоднай, і таму фактычна бяcсоннай для іх. У намёце начавалі толькі тры чалавекі, і гэта, на іх думку, таксама вынік нечаканых халадоў. Пры гэтым валанцёры гавораць, што Курапаты яны ўсё роўна не пакінуць:

(Алег: ) "Мы тут зіму ўсю перажылі. А тут два-тры чалавекі ўсё роўна будуць заставацца кожны дзень. Такога не было каб нікога не заставалася ў Курапатах"

(Антон: ) "Мы перажылі зіму й частку вясны таксама. Холад ня можа зламіць нашую волю. Мы ўсё роўна будзем змагацца, колькі б нас не засталося".

Валанцёры спадзяюцца, што ўжо ўвечары ў лягер прыедуць і іншыя іхныя сябры.

Апошнімі днямі будаўнікі кальцавой дарогі працавалі вельмі неахайна: робячы дарожны насып, засыпалі жвірам курапацкія крыжы. Валанцёры прыклалі шмат намаганьняў, каб прымусіць будаўнікоў працаваць ахайна. І здаецца ім гэта ўдалася — сёньня рабочыя ўвогуле пакінулі курапацкі ўчастак дарогі. Валанцёр Антон Шкурынскі працягвае:

(Антон: ) "Спрабуем больш-менш культурна размаўляць з інжынэрамі, будаўнікам спрабуем растлумачыць, што ня трэба валіць жвір на крыжы".

(Карэспандэнт: ) "І ці разумеюць вас яны? Што яны вам гавораць?"

(Антон: ) "Усе пытаньні да нашага начальства..." Але больш яны тут не зьяўляюцца".

Апошнім часам істотную дапамогу курапацкім валанцёрам стаў аказваць дабрачынны фонд "Дзецям Чарнобыля" і яго старшыня Генадзь Грушавы. Паводле Генадзя Грушавога, Курапаты сталі сымбалем, зь якога пачаўся беларускі дэмакратычны рух. Таму прэзыдэнт фонду "Дзецям Чарнобыля" лічыць, што дамагаць валанцёрам ёсьць ягоным маральным абавязкам. Дзякуючы намаганьням Грушавога, валанцёры атрымалі цёплыя рэчы й добрае харчаваньне. Гаворыць спадар Грушавы:

(Грушавы: ) "Сёньня я разам зь дзецьмі. Там жа дзеці Чарнобыля, там сядзяць, гэта ж не дарослыя. Я бачу ў гэтых маладых людзях, якім сёньня 20, 22, 23 гады тых самых чарнобыльскіх дзяцей, якіх я 12 гадоў таму пачаў ратаваць ад чарнобыльскай радыяцыі. Таму гэта абсалютна натуральна. Я не магу сабе ўявіць, што нашыя чарнобыльскія аддзяленьні й людзі, каб яны ставіліся індыфэрэнтна да таго, што адбываецца сёньня вакол Курапатаў. Дапамагаў, і буду дапамагаць усімі магчымымі сродкамі".

Спадар Грушавы заклікаў валанцёраў цьвёрда стаяць на сваім і не саступаць больш ні сантымэтру курапацкай зямлі ўладам і будаўнікам.
XS
SM
MD
LG