Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРАДСТАЎНІКІ ГРАМАДЗКІХ АРГАНІЗАЦЫЯЎ НАКІРОЎВАЮЦЬ ВА ЎРАД ЗВАРОТ У СПРАВЕ КУРАПАТАЎ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Рашэньне шэрагу грамадзкіх арганізацыяў зьвярнуцца ва ўрад з прапановай стварыць адмысловую дзяржаўную камісію ў справе мэмарыялізацыі Курапатаў было прынятае яшчэ на мінулым тыдні.

Паводле канчатковага варыянту канцэпцыі мэмарыялізацыі прапануецца захаваць усе тыя мэмарыяльныя знакі, якія ўжо ўсталяваныя ў Курапатах, а таксама выканаць пастанову ўраду ад 1989 году, паводле якой мусіць быць усталяваны помнік ахвярам камуністычных рэпрэсіяў. Прадстаўнікі грамадзкасьці лічаць, што ў Курапатах ня вярта будаваць пампезных помнікаў — галоўнае, каб гэтае месца набыло адпаведны ахоўны статус, было добраўпарадкаванае і агароджанае.

Як паведаміла каардынатарка грамадзкай інімцыятывы "За выратаваньне мэмарыялу Курапаты" Ірына Жыхар, пад зваротам да ўраду й прэм'ера Генадзя Навіцкага падпісаліся цэнтар "Супольнасьць", Беларускі камітэт міру, Беларуская асацыяцыя журналістаў, Беларускі Гельсынскі камітэт, праваабарончы цэнтар "Вясна" ды іншыя арганізацыі.

У склад дзяржаўнай камісіі акрамя чыноўнікаў павінны ўвайсьці вядомыя навукоўцы й грамадзкія дзеячы. Ірына Жыхар спадзяецца, што чыноўнікі прыслухаюцца да грамадзкасьці:

(Жыхар: ) "Калі здаровы сэнс — галоўная падстава іхнай дзейнасьці, то, натуральна, яны гэта зробяць. Бо мы будзем весьці працу й надалей. З творчай інтэлігенцыяй і зь іншымі грамадзкімі аб'яднаньнямі. І я думаю, што нязручна будзе ўраду й прэм'еру йсьці супраць грамадзтва".

А вось меркаваньне гісторыка культуры, кіраўніка таварыства "Дыярыюш" Вацлава Арэшкі:

(Арэшка: ) "Галоўнае тое, што беларускае грамадзтва на гэтай глебе сапраўды знайшло нейкую агульную тэму для размовы, для салідарнасьці. Гэта тое, што вельмі важна. А як удасца… Я думаю, што наўрад ці ва ўрадзе зараз ёсьць шмат цікавасьці да гэтай справы, і мне здаецца, што яны б ахвотна выкарысталі ўсё гэта супраць апазыцыі, але менавіта гэта ім не ўдалося".

Рэзка супраць дамовы з урадам ў справе мэмарыялізацыі Курапатаў выступае КХП БНФ і партыя Свабоды. Гаворыць намесьнік старшыні КХП БНФ Сяргей Папкоў:

(Папкоў: ) "Мы лічым, што помнік ёсьць. Гэта крыжовы помнік народнай памяці. Таму ўсе гэтыя кабінэтныя паседжаньні не даюць для людзей ніякага плёну. Беларусы павінны памятаць пра тыя злачынныя гады. Кожны можа й павінен прыехаць паставіць там крыж. А зрабіць спробу нешта там уладкаваць і, як некаторыя прапануюць, абмежаваць доступ людзям ставіць там крыжы — то гэта й назваць прыстойным словам немагчыма".

Прадстаўнікі гэтых партыяў лічаць, што абмеркаваньне канцэпцыі мэмарыялу павінна быць больш шырокім, а ў цяперашніх уладаў браць грошы на яго пабудову амаральна. Тым ня менш, зварот грамадзкасьці будзе перададзены ва ўрад ўжо заўтра.
XS
SM
MD
LG