Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СЯБРЫ КХП БНФ ПРЫВЕЗЬЛІ Ў КУРАПАТЫ НЕКАЛЬКІ ДЗЯСЯТКАЎ КРЫЖОЎ


Ганна Соусь, Менск

(Чахольскі: ) "Калі ласка, запрашаем з рыштункам, бярыце сякеры, граблі, рыдлёўкі... Прыйдзе час, і сапраўды тут будзе мэмарыял, але ня зараз, таму што тое, што плянуюць розныя "камітэты" і гэтак далей, абсалютна ня ўлічвае сёньняшняй сытуацыі пры дыктатуры. Яны не ўлічваюць, што гэтая дарога будзе прыбраная адсюль, як толькі будзе ўсталяваная нармальная дэмакратычная ўлада. І тады будзе іншая канцэпцыя гэтага мэмарыялу. Зараз трэба ставіць толькі крыжы".

Алесь Чахольскі мяркуе, што варта ўсталяваць на крыжах, якія стаяць уздоўж прасекі, шыльды зь імёнамі расстраляных у Курапатах. Гэткім чынам трэба ўшанаваць і памяць людзей, якія стваралі БНР і паклалі жыцьцё на адраджэньне Беларусі. Паводле Алеся Чахольскага, крыжы, што яны прывезьлі сёньня ў Курапаты, зробленыя на ахвяраваньні ня толькі сябраў КХП БНФ.

(Чахольскі: ) "Партыя распачала збор сродкаў. І людзі з розных куткоў Беларусі ахвяруюць грошы на сьвятую справу. Менавіта гэтыя крыжы, паважаныя беларусы, зробленыя на нашыя з вамі грошы. Мы будзем і далей усталёўваць крыжы, таму я вас заклікаю ахвяраваць на гэтую сьвятую справу. Грошы можна прыносіць па адрэсе праспэкт Ф. Скарыны 133-147. Я запэўніваю, што ніводная капейка акрамя як на гэтую сьвятую справу нікуды ня можа пайсьці".

Будаўніцтва дарогі вядзецца цяпер шпарка — з самага ранку й амаль да самай начы. Ля падземнага пераходу з боку ляснога масіву ляжаць горы жвіру. Сябра ўправы КХП БНФ Уладзімер Юхо вельмі занепакоены тым, як вядзецца будаўніцтва.

(Юхо: ) "Як сьпяшаюцца, забіваюць ужо сваі, працягваюць засыпаць нават тыя крыжы, да якіх сказалі, што ня дойдуць. Мы будзем ставіць яшчэ крыжы па алеі, афармляць кампазыцыю, якую нам дапамаглі зрабіць мастакі суполкі "Пагоня". А наверсе ўздоўж дарогі будзем усталёўваць жалезныя крыжы".

Што да валанцёраў, то надоечы да іх ізноў завіталі школьнікі адной менскай школы — настаўніца зрабіла для іх экскурсію ў Курапатах. Учора ж ва ўрочышчы адбыўся надзвычайны інцыдэнт. Распавядае Ірына Вяткіна:

(Вяткіна: ) "Нейкі хлопец дзіўнага выгляду прыйшоў у лягер, але мы яго адправілі адсюль. А потым да нас прыйшла жанчына й сказала, што недалёка ляжыць чалавек. Хлопцы падыйшлі й убачылі, што ён ляжыць з адкрытымі вачыма й не варушыцца. Мы выклікалі "Хуткую дапамогу", і лекары сказалі, што ў яго быў прыступ".

Ірына Вяткіна мяркуе, што гэты хлопец быў пад узьдзеяньнем наркотыкаў, і непакоіцца, што з надыходам цёплага надвор'я моладзь зь мікрараёну зноў паспрабуе наладжваць у Курапатах пікнікі і гэткія інцыдэнты могуць паўтарыцца.
XS
SM
MD
LG