Лінкі ўнівэрсальнага доступу

УКРАІНЕЦ АНАТОЛЬ ТАТАРСКІ: КУРАПАТЫ ПАДОБНЫЯ ДА КАРПАТАЎ


Ганна Соусь, Менск

Анатоля Татарскага я ўпершыню сустрэла ў Курапатах летась 25 верасьня, на другі дзень пасьля таго, як распачалася вахта памяці. З таго часу ён неаднойчы прыходзіў ва ўрочышча падтрымаць валанцёраў, але апошнія некалькі месяцаў ня можа выйсьці з кватэры з прычыны хваробаў. Але сустракаецца з валанцёрамі спадар Анатоль амаль штодня — менавіта ў ягоную кватэру актывісты ходзяць па ваду. Украінец Анатоль Татарскі гаворыць пра беларускія Курапаты з хваляваньнем.

(Татарскі: ) "Курапаты для мяне як Карпаты. Разумееце? У Карпатах ляжаць восемдзесят тысяч нашых хлопцаў, якія змагаліся з камунаю".

Нарадзіўся Анатоль Татарскі ля Львову. У часе другой усясьветнай вайны ўступіў ва Украінскую Паўстанцкую Армію. За гэта ў 1946 годзе яго й арыштавалі. Спадар Анатоль паказвае мне сваю працоўную кніжку — з 1946 па 1954 гады ён працаваў крапільшчыкам у паўночна-усходнім рудаўпраўленьні Паўднёва-усходняга горнахімічнага камбінату. Анатоль Татарскі тлумачыць:

(Татарскі: ) "ГУЛАГ гэта... Яны ж ня могуць напісаць горад... Паштовы горад Андзіжан, паштовая скрыня 200. Усё, і ніякай адрэсы. Дабывалі ўранавую руду — чаму нас туды завезьлі. Цуд, мне хутка 74 гады ў траўні будзе, як я пасьля ўрану застаўся жывы? Восем гадоў працаваў з уранам..."

Пасьля вызваленьня Анатоль Татарскі працаваў у Сыбіры, потым жыў у Вільні, зь цяжкасьцю вярнуўся ў Львоў (яго там доўга не хацелі прапісваць), а ў 1973 годзе пераехаў у Менск. Анатоль Татарскі, як і многія вязьні ГУЛАГу, дагэтуль не рэабілітаваны.

(Татарскі: ) "Не імкнуўся я, нікуды не хадзіў. Ведаеце, я баюся нават сёньня хадзіць па Менску. Зьнянацку падыдзе кэгэбіст і забярэ..."'

Адразу як у Курапатах пачалася вахта памяці, у Анатоля Татарскага склаліся прыязныя стасункі з валанцёрамі.

(Татарскі: ) "Я зьдзіўляюся, што яны такія ёсьць. Таму што тут і так ужо беларускую мову зьнішчылі, усе школы Лукашэнка пазачыняў. На Ўкраіне яшчэ сьцяг жоўта-блакітны вісіць, а беларускага ўжо няма. А як можа быць дзяржава безь яго? Мяне зьдзіўляюць гэтыя хлопцы. А я зь беларусамі заўсёды... У мяне беларусы служылі..."

Анатоль Татарскі спадзяецца дажыць да таго часу, калі Курапаты стануць сапраўдным мэмарыялам, і памяць ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў будзе ўшанаваная.

(Татарскі: ) "Дай Бог, каб Курапаты засталіся, пачышчаныя, такія як зараз ёсьць. Тое, што за савецкім часам там камень наверсе паклалі, потым "лаўка Клінтана" й той крыж — вось гэта ўсё трэба зьберагчы ў першую чаргу".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG