Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АБАРОНЦЫ КУРАПАТАЎ КАЖУЦЬ ПРА "КУРАПАЦКІ СЫНДРОМ"


Ганна Соусь, Менск

Трапіць у Курапаты па-ранейшаму складана. Нягледзячы на тое, што на гарадзкіх вуліцах ужо амаль суха, ля лягеру валанцёраў дагэтуль лужыны. Сёньня будаўнікі зь менскага прадпрыемства "Інтэрвэстбуд" рабілі гідраізаляцыю падземнага пераходу. Паводле галоўнага інжынэра прадпрыемства Валера Міхайленкі, у будаўнікоў склаліся прыязныя стасункі з валанцёрамі.

(Міхайленка: ) "Нармальна мы ставімся да ўсяго гэтага. Кантактуем з усімі людзьмі. Ніякіх эксцэсаў у нас тут не было".

(Карэспандэнтка: ) "Колькі яшчэ вам працаваць на гэтым участку?"

(Міхайленка: ) "Усё залежыць ад заказчыка. Калі на 100% будуць матэрыялы, за тыдзень, паўтара зробім".

Сёньня ў лягеры валанцёраў я сустрэла рок-музыку Хведара Жывалеўскага. Нагадаю, што за ўдзел у падзеях 8 і 9 лістапада ён трапіў за краты на сем дзён. Апошнім часам Хведар зрэдку прыходзіць у Курапаты.

(Жывалеўскі: ) "Тут няма ўжо чаго трымацца, няма з кім змагацца, ужо няма за што змагацца, я лічу гэтак. Ужо ўсё прайшло, і больш ня будзе той хвалі, што была раней. Рабіць тут больш няма чаго. Хутка можа й сыдзем. Я так дакладну сыду".

Хведар Жывалеўскі мяркуе, што трэба выкарыстоўваць новыя формы, каб прыцягнуць увагу грамадзкасьці да Курапатаў:

(Жывалеўскі: ) "Ёсьць пляны зрабіць фэстываль "Субкультура". Тым больш, што зараз будуць цёплыя дні, і гэта можна будзе ладзіць на прыродзе. Нават думаю, што можна было б зрабіць ідэйны працяг Курапатаў. Працягнуць гэтую тэму ўжо не пасядзелкамі й бойкамі з уладай, а пэрформансамі й гэтак далей".

Але зь меркаваньнем Хведара Жывалеўскага ня згодныя валанцёры, якія ўжо амаль паўгода дзяжураць ва ўрочышчы. Гаворыць Васіль Парфянкоў:

(Парфянкоў: ) "Наадварот, тут варта знаходзіцца. Зараз будзе цёпла, у лесе пачнуць піць, забруджваць урочышча, і трэба сачыць, каб нічога гэтага не было. Нават калі пабудуюць дарогу, тут усё роўна будзе наш адмысловы патруль хадзіць".

28 лютага Васіль павінен быў ісьці ў войска, але ў гэты дзень яму давялося адбываць пакараньне ў прыёмніку-разьмеркавальніку на вуліцы Акрэсьціна за ўдзел у акцыі Маладога Фронту на Дзень сьвятога Валянціна. Цяпер Васіль пойдзе ў войска, магчыма, толькі ўвосень. Цяпер жа ўвесь свой час аддае Курапатам.

(Парфянкоў: )"Гэта, можна сказаць, мой другі дом".

Гэтак мяркуюць многія абаронцы Курапатаў. Хведар Жывалеўскі нават кажа пра "курапацкі сындром".

(Жывалеўскі: ) "Курапацкіх можна пазнаць па бляску ў вачах. Я гэта й назваў "курапацкім сындромам". Гэта ўсё ў сьвядомасьці адкладваецца. Як гэта ў людзей бывае — хто з вайны прыйшоў, хто з Курапатаў..."

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG