Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У ГРАМАДЗКУЮ КАМІСІЮ ПА МЭМАРЫЯЛІЗАЦЫІ КУРАПАТАЎ ПАСТУПІЛА КАЛЯ 30 ПРАПАНОВАЎ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Камісія ў справе мэмарыялізацыі пры грамадзкіх ініцыятывах "За выратаваньне мэмарыялу Курапаты" і "Моладзь у абарону Курапатаў" абвясьціла конкурс 19 лютага, і за гэты час у камісію паступіла каля 30 прапановаў. Свае праекты даслалі асобныя грамадзяне са Смургоняў, Віцебску, Менску, аднак камісія пакуль вылучыла толькі адну істотную прапанову, аўтар якой — менскі гісторык Нэлі Герасімава. Гаворыць сакратарка камісіі Ірына Жыхар:

(Жыхар: ) “Яна як гісторык лічыць, што ў Курапатах трэба зрабіць перазахаваньні. Бо нельга месцы растрэлаў раўняць зь месцамі пахаваньняў. Чалавек ведае, што сыйдзе ў магілу, і перад магілай у яго няма аж такога страху. А на месцы растрэлаў людзі адчувалі жах, страх і моцную трывогу. Таму яна прапануе зрабіць у Курапатах перазахаваньні й толькі пасьля будаваць мэмарыял”.

Хаця сябры камісіі і прызналі прапанову спадарыні Герасімавай арыгінальнай, але канчатковай згоды ў гэтай справе няма. Частка камісіі пагаджаецца з прапановай перазахаваць ахвяраў у агульнай магіле, іншыя ж лічаць, што ня варта чапаць парэшткі.

Было таксама шмат тэлефанаваньняў. Многія пагаджаюцца з канцэпцыяй мэмарыялізацыі, прапанаванай грамадзкай камісіяй. Гэта значыць, што ў Курапатах мусіць быць усталявана шмат крыжоў, пабудаваны цэнтральны помнік памяці ахвяраў, а таксама належным чынам добраўпарадкаваная тэрыторыя ўрочышча.

Разам з тым, Ірына Жыхар прызнаецца, што цягам апошняга тыдня былі прапановы й тэлефанаваньні ня толькі ад добразычліўцаў. Знаходзяцца й такія, што тэлефануюць і кажуць, што у Курапатах ляжаць "габрэі" ды іншыя "ворагі народу" і, маўляў, ніякага мэмарыялу там будаваць ня трэба.

Ірына Жыхар ды іншыя сябры камісіі пакуль ня надта задаволеныя тым, як ідзе грамадзкае абмеркаваньне канцэпцыі будучага курапацкага мэмарыялу:

(Жыхар: ) “Я думаю, што людзі проста прызвычаіліся. Бо курапацкая тэма ня новая, яна як бы старая. Старая ў тым сэнсе, што больш за 10 гадоў гэтая тэма на слыху. Калі гэта было ўпершыню, мы памятаем тыя дзясяткі тысячаў людзей. Але з тае пары шмат часу прайшло й не адбылося галоўнага — краіна й нацыя не пакаяліся за тыя грахі, якія былі ў савецкія часы”.

Разам з тым, сябры камісіі не зьбіраюцца чакаць, пакуль увесь народ дасьпее да пакаяньня. Конкурс праектаў будзе працягвацца два месяцы, і цягам гэтага часу сябры камісіі абяцаюць знайсьці аптымальны варыянт праекту помніку ахвярам палітычных рэпрэсіяў.


XS
SM
MD
LG