Лінкі ўнівэрсальнага доступу

УЛАДАЛЬНІК УНІКАЛЬНАГА КУРАПАЦКАГА АРХІВУ ПРАПАНУЕ СВАЕ МАТЭРЫЯЛЫ ДЛЯ СТВАРЭНЬНЯ ФІЛЬМУ


Ганна Соусь, Менск

У кватэры Ўладзімера Кармілкіна сабраны ўнікальны архіў па Курапацкай тэме. Тут і рэчы ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў, якія былі знойдзеныя ў часе раскопак пры канцы 1980-х — гліняныя кубкі, іржавы дрот, запальнічкі. Спадар Уладзімер захаваў нават стужкі зь вянкоў, якія калісьці ўскладалі ў Курапатах.

На сьценах кватэры спадара Ўладзімера — бел-чырвона-белыя сьцягі, якія людзі ў розныя гады несьлі ў Курапаты. І безьліч фотаздымкаў — у іх храналёгія курапацкіх падзеяў ад 1988 году.

Дарэчы, свае першыя здымкі пра Курапаты Ўладзімер Кармілкін зрабіў менавіта ў часе вядомага мітынгу на Дзяды ў 1988 годзе. З таго часу цягам амаль 14 гадоў ён здымаў усе шэсьці й мітынгі ва ўрочышчы. У ягоным архіве ёсьць фатаграфіі пра візыт Біла Клінтана ў Курапаты й пра сёлетняе аднаўленьне разбуранага мэмарыяльнага знаку.

На стале ў спадара Ўладзімера — апошні альбом пра Курапаты з унікальнымі кадрамі. Вось крыжы, якіх ужо няма пасьля падзеяў 8 і 9 лістапада, вось грузавікі завальваюць людзей пяском, надпісы на расьцяжках, якія разарвалі амонаўцы ды шмат іншага, што стала ўжо гісторыяй.

(Кармілкін: ) “Справа ў тым, што гэтых здымкаў вельмі шмат, і напэўна ні аднаго, ні двух альбомаў ня хопіць, каб за столькі гадоў усё надрукаваць”.

Уладзімер Кармілкін мае ўнікальную фанатэку — запісаныя на аўдыёкасэтах галасы ўсіх, хто выступаў у Курапатах на працягу больш чым дзесяці гадоў.

(Кармілкін: ) “Амаль усе курапацкія падзеі запісаныя — Дзяды, шэсьці й мітынгі, вясной на Радуніцу...”

Вось, прыкладам, фрагмэнт выступу Зянона Пазьняка ў Курапатах на Дзяды ў 1991 годзе:

(Пазьняк: ) “Вельмі важна прыйсьці памянуць гэтыя мясьціны, памянуць нашых продкаў, і гэта дасьць нам духоўную сілу. Мы павінны вяртаць нашую гісторыю, мы павінны вяртаць нашую памяць. Мы павінны думаць, ўспамінаць і шанаваць нашых продкаў, нявінна забітых”.

Акрамя аўдыёзапісаў ужо некалькі гадоў спадар Уладзімер захоўвае і відэастужкі пра Курапаты. Сёньня мы разам зь ім яшчэ раз паглядзелі стужкі пра падзеі 8 і 9 лістапада. Уладзімер Кармілкін мяркуе, што з гэтага матэрыялу можна стварыць працяг фільму “Дарога на Курапаты”.

(Кармілкін: ) “Міхаіл Жданоўскі зрабіў цікавую кінастужку пра Курапаты, Аляксандар Лукашук быў аўтарам сцэнару гэтага фільму. Хацелася б, каб быў працяг гэтага фільму — “Дарога на Курапаты-2”. Ёсьць аўдыёзапісы, ёсьць шмат фотаздымкаў, ёсьць відэаматэрыял. Можна зрабіць фільм на дзьве гадзіны”.

Фатограф Уладзімер Кармілкін спадзяецца, што знойдуцца людзі, якія здолеюць ажыцьцявіцьгэтую ідэю і скарыстаюць дзеля гэтага ягоныя аўдыё- і відэаархівы. Да таго ж усе дакумэнты пра Курапаты, якія спадар Уладзімер карпатліва зьбірае ўсе гэтыя гады, маглі б стаць экспанатамі будучага музэю ў Курапатах.
XS
SM
MD
LG