Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЯКІМ МАЕ БЫЦЬ ПОМНІК У КУРАПАТАХ?


Ганна Соусь, Менск

“Якім быць помніку ў Курапатах” — артыкул з такой назвай за подпісам Анатоля Вярцінскага зьмешчаны ў “ЛіМе” яшчэ ў лютым 1989 году. Спадар Анатоль паказвае мне яшчэ адзін надрукаваны на паперцы тэкст з такой жа назвай — гэта ягоная канцэпцыя помніка ў Курапатах.

Анатоль Вярцінскі ўзгадвае, як пасьля выхаду артыкулаў пра Курапаты на старонках “ЛіМа” распачалася сапраўдная дыскусія пра тое, якім мусіць быць помнік у Курапатах. Як тады, так і цяпер Анатоль Вярцінскі мае ўласнае меркаваньне на гэты конт.

(Вярцінскі: ) “Тады ў мяне ўзьнікла меркаваньне, што ў аснову помніка павінна легчы ідэя “За што?”, таму што размова ідзе пра нявінна забітых. Ён мог мне ўявіцца ў выглядзе двух фігураў, якія сымбалізуюць тую сілу, якая забівае, і тых, каго забіваюць. На сёньняшні дзень я схіляюся да думкі, што манумэнтальнага ўвасабленьня там ня трэба ствараць. Можа сапраўды гэта павінен быць помнік ляндшафтна-паркавага характару.

З другога боку, можа ўсё ж мае рацыю Шатэрнік, які лічыць, што манумэнт працягвае ідэю нават таго ж самага ляндшафтна-паркавага помніка. Мяркую, што тут патрэбная канструктыўная дыскусія”.

У часе нашай гутаркі Анатоль Вярцінскі паказвае мне свой уласны архіў па Курапацкай тэме, які ён карпатліва зьбірае ўсе гэтыя гады — тут газэтныя публікацыі, пастановы ўраду, вершы, кнігі. Адметна, што большасьць тэктаў дагэтуль актуальныя, нібыта напісаныя зусім нядаўна. Спадар Анатоль мяркуе, што некаторыя публікацыі канца васьмідзясятых варта было б перадрукаваць цяпер.

(Вярцінскі: ) “Новаму пакаленьню тых хлопцаў і дзяўчат, прадстаўнікі якіх сёньня абараняюць Курапаты, можа быць, варта ведаць канкрэтыку Курапацкага злачынства, нават некаторыя дэталі, мэханізм таго, як ажыцьцяўляліся рэпрэсіі. Тым больш, што Курапаты ўжо сталі сымбалем, доказам таго, што менавіта Беларусь стала выпрабавальным палігонам для сталінскіх рэпрэсіяў”.

Вяртаючыся да падзеяў васьмідзясятых гадоў, Анатоль Вярцінскі згадвае тыя выпрабаваньні, якія давялося вытрымаць у сувязі з выхадам артыкулаў пра Курапаты.

(Вярцінскі: ) “Першая публікацыя “Курапаты — дарога сьмерці” прайшла без асаблівага ціску з боку гэтак званых дырэктыўных органаў. Цяжэй было нам зь Зянонам Пазьняком надрукаваць другі артыкул “Шумяць над магіламі сосны”, які зьявіўся ўжо ў выніку раскопак, якія правялі супрацоўнікі Інстытуту гісторыі Акадэміі навук.

На той час улады, у тым ліку й партыйныя, у нейкім сэнсе ўзброіліся, падрыхтаваліся й не давалі згоду на друкаваньне другога артыкула. Адаслалі нас да старшыні камісіі па Курапацкай справе Ніны Мазай. Мы былі прынятыя ёй, адбылася гутарка ўтраіх з гэтым артыкулам у руках. Мазай пагадзілася, не запярэчыла таму, каб гэты артыкул быў апублікаваны”.

Ці спадзяецца Анатоль Вярцінскі на тое, што пры гэтай уладзе нарэшце ў Курапатах будзе створаны мэмарыял?

(Вярцінскі: ) “Я маю сумнеў, што пры гэтай уладзе будзе створаны нармальгны помнік. Нават з пункту гледжаньня чыста фінансавага забесьпячэньня гэта малаверагодна. Ва ўсякім выпадку, я перакананы, што дадзены моцны імпульс. Дарэчы, мы павінны быць вельмі ўдзячныя тым валанцёрам, якія днююць і начуюць там, стаяць на абароне Курапатаў. Можа быць, паколькі ўсё гэта моцна зрушылася зь месца, гэта дасьць станоўчы вынік”.

Паводле Анатоля Вярцінскага, невыпадкова, што менавіта ў Беларусі больш чым празь дзесяць гадоў ізноў узьнялася хваля грамадзкай цікаўнасьці да гісторыі палітычных рэпрэсіяў, тады як у другіх краінах былога Савецкага Саюзу гэтая тэма цяпер менш актуальная, бо там ужо ёсьць помнікі ахвярам палітычных рэпрэсіяў. А ў Беларусі дагэтуль улады не пакаяліся й не ўшанавалі памяць бязьвінных ахвяраў сталінскага генацыду.

XS
SM
MD
LG