Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НАД КУРАПАТАМІ - БЕЛ-ЧЫРВОНА-БЕЛЫ СЬЦЯГ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Сёньня ў Менску значна пахаладала, падняўся моцны вецер. Калі раніцай я падыходзіў да курапацкага намёту, валанцёры толькі скончылі аднаўляць павалены ветрам комін печкі-буржуйкі. У самім намёце было досыць халодна, і шасьцёра валанцёраў, пераважная большасьць якіх хварэе на грып, спрабавалі рэшткамі дроваў распаліць печку. Гаворыць адзін з актывістаў моладзевай ініцыятывы добраахвотнік Васіль:

(Васіль: ) “У аднаго з валанцёраў, Антося, сёньня была вялікая тэмпэратура 38,8. Вось у Чуба таксама флюс. Хварэем, але адсюль не сыдзем”.

(Карэспандэнт: ) “А чаму так няшмат валанцёраў у Курапатах апошнімі днямі?”

(Васіль: ) “Усе хварэюць. Зараз жа эпідэмія грыпу, толькі самыя стойкія засталіся”.

Мінулай ноччу ў лягеры заставаліся чатыры чалавекі, сёньня раніцай прыйшлі яшчэ двое. Напрыклад, непаўналетняя актывістка Маладога Фронту Іра Вяткіна прыходзіць у лягер ледзь не штодня і чым можа дапамагае хлопцам, якія з прычыны за хваробы ня могуць самі гатаваць ежу, весьці гаспадарку і г.д. Тыя валанцёры, што адчуваюць сябе адносна нядрэнна, сёньня займаліся нарыхтоўкай дроў.

Сёньня валанцёры актыўна абмяркоўвалі прэзэнтаваную ўчора грамадзкай ініцыятывай канцэпцыю мэмарыялізацыі Курапатаў. І я зноў зьвярнуўся з пытаньнем да Васіля:

(Карэспандэнт: ) “Грамадзкая ініцыятыва “За выратаваньне мэмарыялу Курапаты” ўжо абвесьціла пра сваю канцэпцыю мэмарыялізацыі ўрочышча. А як ставяцца валанцёры да гэтай канцэпцыі й да распачатага конкурсу будаўніцтва тут мэмарыялу?”

(Васіль: ) “Вельмі не падабаецца, што яны ўсё вырашылі бяз нас. Яны хочуць паставіць тут лаўкі нейкія. Навошта тут гэтыя лавы? На іх жа будуць зьбірацца піць усякія алькашы”.

(Карэспандэнт: ) “А што вы прапануеце?”

(Васіль: ) “Ня трэба тут ніякіх лавак. Плотам можна абнесьці, каб было відаць, што тэрыторыя ахоўваецца. І вартаўніка сюды пасадзіць”.

Будаўнікі тым часам ужо амаль скончылі дарожны насып і рыхтуюцца класьці асфальт. Паводле валанцёраў, працуюць рабочыя вельмі ахайна і не парушаюць вызначаных межаў работаў. Валанцёры падтрымліваюць нядрэнныя стасункі й зь некаторымі міліцыянтамі.

Учора жыхары курапацкага лягеру зноў паднялі на флагштоку бел-чырвона-белы сьцяг. Аднак гэтым разам міліцыянты, якія часта патрулююць Курапаты, не патрабавалі ад валанцёраў зьняць сьцяг, а наадварот сказалі, што іхная задача — падтрымліваць парадак і ахоўваць жыхароў лягеру.

XS
SM
MD
LG