Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКІ КАМІТЭТ МІРУ РАСПРАЦАВАЎ УЛАСНУЮ КАНЦЭПЦЫЮ МЭМАРЫЯЛІЗАЦЫІ КУРАПАТАЎ…


Ганна Соусь, Менск

Летась менавіта з ініцыятывы Беларускага камітэту міру некаторыя дэпутаты “палаты прадстаўнікоў” вырашылі вынесьці на наступную сэсію пытаньне аб мэмарыялізацыі Курапатаў. Цяпер камітэт міру прапануе ўраду й кіраўнікам Нацыянальнага сходу ўласную канцэпцыю Мэмарыялу памяці ахвярам рэпрэсіяў у Курапатах.

Размаўляючы са старшынём Беларускага камітэту міру Іванам Кірычэнкам, я зьвяртаю ўвагу на тое, што фармулёўка расплывістая — рэпрэсіі не названыя ні палітычнымі, ні сталінскімі. Старшыня Беларускага камітэту міру Іван Кірычэнка тлумачыць:

(Кірычэнка: ) “Можа, гэтае пытаньне і прынцыповае, але мы на прэзыдыюме прыйшлі да высновы, што пакуль сьледчыя органы ня скажуць апошняга слова, пакуль ня будуць вядомыя вынікі работы сьледчай камісіі, якая, як вядома, працуе, і ўжо блізка да заканчэньня, мы ня будзем сьпяшацца й даваць нейкія дакладныя вызначэньні”.

Тым больш, што, паводле Івана Кірычэнкі, ня так істотна, хто расстрэльваў у Курапатах, і хто тут пахаваны — галоўнае, каб была ўшанаваная памяць. Спадар Кірічэнка распавёў пра канцэпцыю мэмарыялізацыі, якую распрацаваў Беларускі камітэт міру.

(Кірычэнка: ) “Архітэктурны праект, канцэпцыю якога мы зацьвердзілі, прадугледжвае, што ўсе працы павінны быць выкананыя не ў манумэнтальным, а ў ляндшафтна-паркавым стылі, і з самымі мінімальнымі выдаткамі. Пры гэтым мы хацелі б максымальна захаваць урочышча Курапаты, месцы пахаваньняў і навакольнае асяродзьдзе. І яшчэ адзін вельмі важны момант, мы лічым, што мэмарыял павінен мець агульнанацыянальны статус”.

Іван Кірычэнка таксама прапанаваў Генадзю Навіцкаму, Вадзіму Папову й Аляксандру Вайтовічу стварыць Рэспубліканскую камісію з кіроўчых асобаў, адмыслоўцаў і прадстаўнікоў грамадзкіх арганізацыяў.

Ніхто з актывістаў грамадзкай ініцыятывы “За ўратаваньне мэмарыялу Курапаты” пакуль не знаёмы з праектам канцэпцыі, якую прапануе Беларускі камітэт міру. Некаторыя сябры ініцыятывы нават выказвалі меркаваньні, што гэта вельмі распаўсюджаная практыка, калі гэтак званыя “прыўладныя” структуры перахопліваюць ініцыятыву ў тых, хто распачаў справу, а пасьля пераарыентоўваюць яе па-свойму.

Што да таго, ахвярам якіх рэпрэсій будзе мэмарыял, то прэсавы сакратар ініцыятывы Сяргей Сахараў адзначыў, што дастаткова ўзгадаць надпіс на камені на Курапацкім узгорку.

(Сахараў: ) “На гэтым месцы мусіць быць пабудаваны мэмарыял у памяць ахвяраў палітычных рэпрэсій” — сама гэтая фармулёўка ўжо можа падпадаць, бо ніхто яе не адмяняў. І гэта трэба абавязкова акрэсьліць у мэмарыяле. У нас ёсьць дамова — калі будзе гатовая канцэпцыя нашай ініцыяты (а яна будзе гатовая ў пятніцу, то, безумоўна, мы будзем знаёміць з гэтай канцэпцыяй як мага большую колькасьць грамадзкіх арганізацый, у тым ліку й Беларускі камітэт міру. Можа быць тады, падчас гэтага абмеркаваньня мы й убачым іхную канцэпцыю, і тады будзем неяк супрацоўнічаць”, — мяркуе Сяргей Сахараў, прэсавы сакратар грамадзкай ініцыятывы “За ўратаваньне мэмарыялу Курапаты”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG