Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

МЭМАРЫЯЛІЗАЦЫЯ КУРАПАТАЎ – ГЭТА СКАЛАДНАЯ СПРАВА


Ганна Соусь, Менск

Праект канцэпцыі мэмарыялізацыі падрыхтавала рабочая група грамадзкай ініцыятывы “За ўратаваньне мэмарыялу Курапаты” на чале з мастаком Аляксеем Марачкіным. Аўтары канцэпцыі зыходзяць з таго, што пахаваньні ў Курапатах ёсьць сымбалем ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў, і гэтае месца — адзінае ў Беларусі з шырока вядомых грамадзкасьці й усяму сьвету месцаў масавых расстрэлаў. І таму Курапаты павінны мець статус гісторыка-ляндшафтнага помніка найвышэйшай катэгорыі й быць пад аховай дзяржавы й апекай усяго грамадзтва.

Паводле канцэпцыі мэмарыялу, патрэбна абазначыць тэрыторыю ляснога масіву, дзе ў 1930-я гады карнікі НКВД расстрэльвалі людзей. Па пэрымэтры акрэсьленай тэрыторыі належыць усталяваць агароджу, узвесьці ўваходныя брамы, пры якіх мець ахову.

Адна з галоўных тэзаў канцэпцыі — усталяваны ў 1989 годзе Крыж Пакутаў застаецца дамінантай будучага мэмарыялу. Цалкам некранутымі варта пакінуць ямы-пахаваньні, бо яны найбольш моцна ўзьдзейнічаюць на сьвядомасьць і ўяўленьне людзей.

Аўтары канцэпцыі лічаць нямэтазгодным узьвядзеньне на месцы закладнога каменя мэмарыяльнага комплексу “з бэтону ці мэталу”, або нейкага будынку, нават храму. Да таго ж храм і музэй павінны быць вынесеныя за межы ахоўнай зоны, каб выключыць любыя земляныя работы на гэтай тэрыторыі.

Гаворыць адзін з распрацоўнікаў праекту канцэпцыі культуроляг Вацлаў Арэшка:

(Арэшка: ) “Сама мэмарыялізацыя Курапатаў у нашых умовах можа быць толькі паэтапнай. Першы й асноўны момант — гэта максымальна захаваць тое, што ёсьць — алея, крыжы — гэта ўсё мусіць стаць асновай для далейшага разьвіцьця мэмарыялу. Можа быць, зь цягам часу будзе распрацаваны праект нейкага дастаткова сьціплага (паводле сваіх памераў) помніка, які мусіць там быць. І яшчэ адзін важны этап, які мы прапануем, як першы — пабудова мэмарыяльнай агароджы з брамаю. Астатняе мусіць натуральна разьвівацца ўжо з таго, што складаецца”.

А паводле каардынатаркі грамадзкай ініцыятывы “За ўратаваньне мэмарыялу Курапаты” Ірыны Жыхар, абмеркаваньне канцэпцыі мэмарыялізацыі Курапатаў ня будзе простым. Прыкладам, пасьля таго, як надоечы ў эфіры Радыё Свабода мастак Аляксей Марачкін распавёў пра сваё бачаньне будучага мэмарыялу, да сябраў ініцыятывы пачалі зьвяртацца некаторыя вязьні сталінскіх лягероў. Гаворыць Ірына Жыхар:

(Жыхар: ) “Яны не пагаджаюцца, каб гэта быў ляндшафтны помнік. Хочуць, каб гэта было нешта манумэнтальнае. І гэта ўскладняе задачу, таму што дамовіцца грамадзтву наконт таго, як мусіць выглядаць сымбаль, будзе няпроста. Я ведаю, што Беларускі Камітэт міру абмяркоўваў учора свой сымбаль, і яны хочуць прапанаваць яго грамадзкасьці. Гэта была такая падкова — знак прымірэньня. Але галоўная наша задача — зрабіць так, каб усё нашае грамадзтва ўзяло ўдзел у абмеркаваньні, і мы не выключаем, што абмеркаваньне можа адбывацца непасрэдна праз рэфэрэндум — мясцовы ці рэспубліканскі, ці, можа, празь мясцовы ці рэспубліканскі сход”.
XS
SM
MD
LG