Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВАЛАНЦЁРЫ ЗРАБІЛІ АДМЫСЛОВУЮ АНТЭНУ З ЖАЛЕЗНАГА КОЛА, КАБ СЛУХАЦЬ РАДЫЁ СВАБОДА


Ганна Соусь, Менск

Раніцай валанцёры разам зь лясьнікамі Мікалаем і Алесем са Ждановіцкага лясьніцтва абыходзілі лясны масіў блізу мікрараёну, каб адшукаць сухія дрэвы, якія пацярпелі ад жукоў-караедаў. Як патлумачыў спадар Мікола, іх абавязкова патрэбна высечы да красавіка, каб шкоднікі не пасьпелі перабрацца на іншыя дрэвы.

(Карэспандэнтка: ) "Ці многа тут дрэваў, якія патрабуюць высечкі?"

(Мікола: ) "Зараз будзем глядзець, якія патрэбна прыбраць, тыя і высячэм. Будуць вам дровы”.

(Гук сякеры)

…Гэта лясьнік Алесь Трафімаў высякае на дрэвах, у асноўным на ялінах, адмысловыя знакі. Заўтра рабочыя лясьніцтва гэтыя дрэвы сьпілуюць і аддадуць валанцёрам на дровы.

(Трафімаў: ) "Ім патрэбна крыху дроваў напілаваць, каб было цёпла".

(Карэспандэнтка: ) "Атрымліваецца, што тут і пэўная дапамога лясьніцтву?"

(Трафімаў: ) "Даводзіцца дапамагаць".

У лесе яшчэ поўна сьнегу, а вось ля лягеру валанцёраў снег ўжо растаў. Я заўважыла пры ўваходзе ў намёт адмысловыя драўляныя прыступкі. Распавядае старэйшы ў лягеры Алесь Гетман.

(Гетман: ) “Учора была вялікая адліга – вада амаль ішла ў намёт. Мы пракапалі канаўкі, зрабілі ў намёце новы насьціл, дзякуючы спадару Міхнову, які прывез драўляныя паддоны. Трохі сьмецця сабралі, пілавіньня. Харчаваньня засталося ў нас на адзін дзень і ўсё, больш нічога няма. Грошы ва ўсіх скончыліся. Я вось захварэў трохі, бо перапады надвор’я – то зімна, то цёпла”.

Але, нягледзячы на складанасьці, запэўнівае Алесь Гетман, ніхто з валанцёраў не зьбіраецца пакідаць Курапаты. І як сьведчаньне гэтаму – вялікі плякат-расьцяжка “Абаронім Курапаты”, які бачна нават з вокнаў дамоў мікрараёну. 8 лістапада амонаўцы сарвалі яго, і толькі ўчора, прыбіраючы тэрыторыю, валанцёры адшукалі расьцяжку ў лесе. Гаворыць Глеб Вязоўскі, які вешаў лёзунг на дрэва.

(Вязоўскі: ) ”Расьцяжку адшукалі мы ў лесе, валялася яна пад гальлём, у брудзе. Мы яе пачысьцілі й павесілі”.

Абаронцы Курапатаў плянуюць бліжэйшым часам узьняць над намётам і бел-чырвона-белы сьцяг.

У лягеры мяне сёньня ўразіла і адмысловае прастасаваньне-антэна для праслухоўваньня нашага радыё. Алесь Гетман працягвае.

(Гетман: ) “У нас было вельмі дрэнна чуваць Радыё Свабода, якое мы ўвесь час слухаем, і да якога ставімся зь вялікай павагай за тое, што яно дае матэрыялы пра Курапаты. І мы зрабілі адмысловую антэну – на дрэвы павесілі жалезнае кола ад ровара й працягнулі ў намёт дрот. Зараз вельмі добра стала чуваць”.

Рабочыя тымчасам працягвалі будаваць падземны пераход.
XS
SM
MD
LG