Лінкі ўнівэрсальнага доступу

УЛАДЫ ЦІСНУЦЬ НА ВАЛАНЦЁРАЎ ПРАЗЬ ЛЯСЬНІЦТВА


Ганна Соусь, Менск

Падставай для візыту ў лясьніцтва стаў інцыдэнт на мінулым тыдні, калі на добраахвотніка Алеся Гетмана склалі пратакол за нібыта "незаконнае ўсталяваньне ў лесе намёту" і высечку дрэваў.

Паводле лясьнічага Сяргея Макоўскага, у Менскую лесапаркавую гаспадарку патэлефанавалі зь Міністэрства ўнутраных справаў і папрасілі паўзьдзейнічаць на валанцёраў. Лясьнічы Сяргей Макоўскі напачатку размовы з абаронцамі Курапатаў выказаўся даволі шчыра:

(Макоўскі: ) “Адразу скажу — палітыка нам не патрэбная”.

(Карэспандэнтка: ) “Скажыце, калі ласка, чаму гэтае пытаньне ўзьнікла толькі цяпер, праз чатыры месяцы? Намёт у лесе даўно стаіць...”

(Макоўскі: ) “Гэта й ёсьць палітыка. Калі ня могуць разабрацца ўлады, ды што нам? Пачнеце валіць лес — вось і будзем разьбірацца”.

Валанцёры выказвалі свае аргумэнты — каб усталяваць у лесе намёт, не патрэбныя ніякія дазволы ўладаў, а на ацяпленьне намёту ідуць дрэвы, якія будаўнікі павалілі яшчэ летась. У часе размовы высьветлілася цікавая акалічнасьць — у дакумэнтах Менскай лесапаркавай гаспадаркі дагэтуль не пазначана, што Курапаты ёсьць помнікам гісторыі першай катэгорыі.

(Макоўскі: ) "Нідзе, абсалютна, ня ведаю... у нас адбылося лесаўладкаваньне — і там нічога не пазначана, проста як “лясны масіў”. Канечне, мы ведаем, што гэта за месца, і таму, зразумела, прыбіраем увесь час, робім санітарныя высечкі лесу. Усё гэта пачалося, калі капалі газаправад і раскапалі некалькі магілаў, хаця, кажуць, тое ж самае было, калі будавалі кальцавую".

Галоўным вынікам размовы лясьнічага з валанцёрамі стаўся дазвол на высечку часткі сухастою ў лесе.

(Макоўскі: ) "Калі ласка, давайце дамовімся, дашлем вам майстра, заклеймім, адвядзем высечку, дапаможам нават на месцы нарыхтаваць. Выпішыце тыя дровы. Толькі трэба ўсё афіцыйна, выпішам лесарубачны квіток, як належыць. Дамо пілу, дапаможам расьпіліць".

Валанцёры былі задаволеныя вынікамі свайго візыту. Гаворыць Павал Севярынец:

(Севярынец: ) "Пасьля кароткай размовы высьветлілі ўсе пытаньні, зьнялі ўсе праблемы, таму што людзі ў Беларусі разумеюць, што такое Курапаты, і пасьля адпаведнай размовы, адпаведнага тлумачэньня займаюць цалкам слушную пазыцыю. Відавочна, што на гэтае лясьніцтва наехалі зьверху".

А вось меркаваньне Сяржука Высоцкага:

(Высоцкі: ) "Па-чалавечы, канечне, шкада людзей, якіх улады проста падстаўляюць у розных палітычных правакацыях. Відавочна, што чалавек зьмяніў свае бачаньне пасьля размовы, калі пазнаёміўся з намі. Гэта значыць, што насамрэч вельмі вялікі патэнцыял даверу з боку людзей, нават тых, на каго разьлічвае Лукашэнка".

Працягвае Алесь Гетман:

(Гетман: ) "Улады, КГБ, МУС ня здолелі прыціснуць нас наўпрост, пачалі шукаць іншыя шляхі. Хай шукаюць..."

Пасьля лясьніцтва валанцёры паехалі ў Курапаты. Апошнім часам там узьнікла шмат праблемаў з прычыны надвор'я — паўсюль куламесь, увесь час падцякае намёт. Учора ўначы з-за моцнага ветру моцна нахіліўся комін буржуйкі, і таму зноў крыху падпаліўся намёт. Але нягледзячы на складаныя ўмовы, валанцёры не зьбіраюцца пакідаць урочышча. Вахта памяці ў Курапатах працягнецца да завяршэньня будаўнічых работаў ля Курапатаў.
XS
SM
MD
LG