Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ШМАТ РЭПРЭСАВАНЫХ БЕЛАРУСАЎ ДАГЭТУЛЬ НЕ РЭАБІЛІТАВАНЫЯ


Ганна Соусь, Менск

У асноўным уся інфармацыя пра палітычных рэпрэсіі ў Беларусі знаходзіцца ў архівах КГБ, але часткова яе можна адшукаць і ў Нацыянальным архіве — тут захоўваецца частка матэрыялаў па гэтак званым "палітычным бандытызьме", кулацкай контаррэвалюцыі й палітычным рэпрэсіям.

Гісторык Ніна Стужынская, якая ўжо шмат гадоў займаецца гісторыяй антысавецкага супраціву ў Беларусі, у свой час мела магчымасьць працаваць з дакумэнтамі ў архівах КГБ.

(Стужынская: ) "Гэта вельмі спэцыфічны архіў — архіў КГБ. Ён, вядома, ніколі ня быў адкрыты. Навуковец ці сваяк рэпрэсаванага можа пацікавіцца канкрэтнай асобай, і толькі па прозьвішчу чалавека (пажадана мець год і месца яго нараджэньня) супрацоўнік архіву, звычайна афіцэр КГБ, шукае адпаведныя матэрыялы. Ёсьць яны на самой справе ці няма, нам невядома — мы можам толькі верыць ці ня верыць супрацоўніку. Гэта ж ня тое што звычайныя архівы, гэта тэчкі крымінальных справаў. Напачатку 1990-х гадоў, заканчваючы 1995-м годам, справа была яшчэ больш-менш простай".

Ніна Стужынская згадвае, як напачатку дзевяностых, маючы адмысловую паперу кіраўніцтва Інстытуту гісторыі Акадэміі навук, можна было дасьледаваць пэўныя матэрыялы ў архівах КГБ. Цяпер сытуацыя кардынальна зьмянілася. Паводле Ніны Стужынскай, ніякага доступу ў архівы КГБ няма.

(Стужынская: ) "Летась я праявіла такую цікаўнасьць. Справа ў тым, што я заканчваю доктарскую дысэртацыю “Антысавецкі рух у Беларусі ў 1918–1929 г.г.”. Я пацікавілася, ці маю я магчымасьць зазірнуць у тыя самыя дакумэнты, якія я глядзела 4–5 гадоў таму. Аказалася, што не".

І ўсё ж многія навукоўцы, і цяпер, нягледзячы на закрытыя архівы, працягваюць вывучаць гісторыю палітычных рэпрэсіяў у Беларусі. Ніна Стужынская працягвае:

(Стужынская: ) "Тут ёсьць адзін момант — з гэтай тэмай немагчыма абараніцца. Для дзяржавы гэтая тэма небясьпечная — ні тэма супраціву, ні тэма палітычных рэпрэсіяў. Вельмі кароткі быў тэрмін адноснай дэмакратыі ў Беларусі, навукоўцы проста не пасьпелі да канца вывучыць тэму Курапатаў, дакладна саму праблему Курапатаў. Але я ўпэўненая, што дакумэнты існуюць".

Якім чынам цяпер можна даведацца пра сапраўдную гісторыю Курапатаў, каб прагучалі ўсе імёны забітых там людзей? Многія беларусы атрымалі напачатку 1990-х даведкі аб рэабілітацыі сваіх родных, у якіх было запісана прыкладна так: "Расстраляны ў Менску, хутчэй за ўсё ў Курапатах".

(Стужынская: ) "Што тычыцца курапацкіх справаў, то я думаю, што, канечне, могуць зьвярнуцца вельмі канкрэтныя людзі, якія маюць вось такія даведкі. Але я лічу, што гэта бессэнсоўна зараз. Каб даведацца гісторыю Курапатаў, гісторыю тых людзей, якія там паляглі, патрэбныя кардынальныя зьмены — найперш ва ўладзе".

Ніна Стужынская адзначае й яшчэ адную вельмі важную акалічнасьць. Дагэтуль не рэабілітавалі беларусаў, якіх абвінавачвалі ў арганізацыі контаррэвалюцыйных выступаў ці паўстаньняў супраць савецкай улады.

(Стужынская: ) "Магу правесьці прыклад Юркі Лістапада. Ён меў тры прысуды. І ён рэабілітаваны па дзьвюх справах, і не рэабілітаваны па адной — гэта прысуд 1926 году, якраз за арганізацыю контаррэвалюцыйнага выступу супраць савецкай улады. Я прысутнічала гадоў шэсьць таму на судзе. Наш суд вельмі жорстка паставіўся, меркавалася, што гэта антыканстытуцыйны ўчынак, і не падлягае рэабілітацыі".

Паводле Ніны Стужынскай, дагэтуль у грамадзтве існуе стэрэатып, што ўсе ахвяры палітрэпрэсіяў былі асуджаныя сталінскімі карнікамі беспадстаўна. У той жа час антысавецкі супраціў у Беларусі меў маштабны характар, і таму рэабілітаваць належыць і гэтую частку рэпрэсаваных.
XS
SM
MD
LG