Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВАЛАНЦЁРЫ Ў КУРАПАТАХ ДАПАМОГУЦЬ УСТАЛЯВАЦЬ АДНОЎЛЕНЫ МЭМАРЫЯЛЬНЫ ЗНАК, ПАДОРАНЫ БІЛАМ КЛІНТАНАМ


Ганна Соусь, Менск

Сёньня раніцай Курапаты зноў наведалі прадстаўнікі амэрыканскай амбасады, а таксама старшыня прадпрыемства “Магістральаўтадар” Анатоль Лыцін. Абмяркоўвалі пытаньні падрыхтоўкі да цырымоніі ўсталяваньня адноўленай “лавы Клінтана”. Цырымонія павінна адбыцца 15 студзеня.

У перамовах бралі ўдзел і валанцёры. Яны зоймуцца падрыхтоўкай тэрыторыі для цырымоніі. Распавядае Сяржук Высоцкі:

(Высоцкі: ) “У амэрыканскай амбасады ёсьць магчымасьці, каб справіцца бяз нас — напрыклад, наняць нейкую фірму. Але тое, як яны ўсё робяць, ёсьць праявай цывільнасьці й відавочнай павагі да валанцёраў, нават не да валанцёраў, а да гэтага месца сталінскага генацыду над беларускім народам. Тое, што амэрыканцы менавіта зараз, у зімовы час (бясспрэчна, ня самыя спрыяльныя ўмовы — бачыце, якое надвор’е) заняліся гэтым пытаньнем, каб аднавіць свой мэмарыяльны знак, ёсьць праявай маральнай падтрымкі. Гэта, на мой погляд, якраз тое, што патрэбна й валанцёрам, і беларускаму народу”.

Сёньня ж валанцёры пачалі рыхтаваць тэрыторыю. Гаворыць Аляксей Капэлян:

(Капэлян: ) “Сёньня мы пачнем “адбіваць” парамэтры пляцоўкі, якая будзе каля “лавы Клінтана”, каб людзі стаялі ня ў сьнезе, а на нармалёвай пляцоўцы. Таксама праб’ецца дарога наверх, гэта будзе рабіцца пры дапамозе тэхнікі, якую мы возьмем у адной з арганізацыяў. Прачысьцім другім разам пляцоўку ля намёту, а потым дарогу на горку, каб яна была шырэйшая, каб людзі маглі прайсьці”.

(Карэспандэнтка: ) “Як вы мяркуеце, ці хутка здолееце выканаць усе гэтыя работы?”

(Капэлян: ) “Мяркую, што за два дні гэта будзе зроблена”.

У сувязі з тым, што на кальцавой дарозе цяпер няспынна працуе тэхніка, вядуцца зямельныя работы, трапіць у Курапаты досыць складана. Аляксей Капэлян мяркуе, што людзям найлепш ісьці да ўрочышча кружной дарогай, якую надоечы праклалі грэйдэрам.

(Капэлян: ) “Будзе дарога праз поле. Пад’ехаць маюць права толькі дыпляматычныя й міністэрскія машыны. А ўсе астатнія людзі павінны кінуць свае машыны ля прыпынку і самі рухацца сюды — перасекчы дарогу, спускацца й ісьці полем”.

Мэмарыяльны знак “Ад народу Злучаных Штатаў Амэрыкі”, падараваны беларусам у 1994 годзе прэзыдэнтам Білам Клінтанам, быў разбураны вандаламі мінулым летам. Менш чым праз паўгода ён будзе адноўлены. Мэмарыяльнага знаку ад беларускіх уладаў, які б ушаноўваў памяць некалькіх соцень тысяч беларусаў, расстраляных у 1937–41 гадах карнікамі НКВД, у Курапатах дагэтуль няма.

XS
SM
MD
LG