Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У КУРАПАТАХ АДЗНАЧАЮЦЬ КАЛЯДЫ. БУДАЎНІЧЫЯ РАБОТЫ НЕ СПЫНЯЮЦЦА І Ў ДЗЕНЬ НАРАДЖЭНЬНЯ ХРЫСТОВАГА


Ганна Соусь, Менск

(Акаловіч: ) “Дарагія браты й сёстры ва Хрысьце, я, айцец Леанід, курапацкі сьвятар, шчыра віншую нашых беларусаў на Бацькаўшчыне й на чужыне зь вялікім сьвятам — нараджэньнем Ісуса Хрыста. Гэта вялікае сьвята, радаснае сьвята, пачынаецца зь яго Новы Год, і хоць былі халады гэтыя курапацкія, тым ня менш я бачу, што людзі радуюцца, і сёньня спрыяе гэтаму нават надвор’е. Сьвеціць сонейка, радуецца прырода ўся Нараджэньню Вялікага Чалавека-Бога. Яшчэ раз шчыра з Божым сьвятам, сьвятам Божага Нараджэньня, шчасьця, міра, дабрабыту, надзеі на лепшае. Віншую вас!”

Каб людзям было больш зручна дабірацца да Курапатаў на Каляды, некалькі дзён таму валанцёры зрабілі адмысловыя прыступкі. А сёньня будаўнікі расчысьцілі грэйдэрам дарогу праз поле ад аўтобуснага прыпынку да ўрочышча. Дарэчы, нягледзячы на сьвята, будаўнічыя работы ля Курапатаў працягваліся. Гаворыць Сяржук Высоцкі:

(Высоцкі: ) “Наколькі ў нас бязбожніцкая ўлада. З аднаго боку, шкада гэтых будаўнікоў — такі дзень, такое сьвята, нават у лукашэнкаўскай Беларусі гэта выходныя. А людзей прымушаюць у такі дзень працаваць, рыць, калі ўся краіна сьвяткуе выходны дзень ад Бога і з народнай традыцыі. І тут — у Курапатах. Калі давалі адпачынкі ў іншыя дні — перад і пасьля Новага году, але менавіта сёньня такое рухавітае паскарэньне будаўнічых працаў. Гэта, канечне, мяжа зьдзеку”.

Я сустрэла ў Курапатах Ларысу Куўшынаву. Яна запаліла сьвечкі ля Крыжа Пакутаў. У 1937 годзе былі рэпрэсаваныя тры ейныя дзядзькі — Алесь, Міхал й Курэй Марозы.

(Куўшынава: ) “Прыйшла з настроем ня вельмі сьвяточным, бо даводзіцца абараняць такую сьвятыню. Сэрца баліць... Ходзім, плачам трохі тут...”

Спадарыня Ларыса — доктарка, працуе ў 1-й Менскай клінічнай больніцы гінэколягам. Яна прыйшла ў Курапаты разам са сваёй сяброўкай і былой калегай Верай Дрэвіц, якая трыццаць гадоў адпрацавала ў прыёмным пакоі 1-й клінікі. Гаворыць спадарыня Вера:

(Дрэвіц: ) “Сёньня вялікае сьвята беларускага народу — Каляды. Вось прыйшлі павіншаваць хлопцаў, прынесьлі ім пірагоў, згушчонкі, цукерак і кавы, каб ім было прыемна тут. Мы ад шчырага сэрца ўсё робім, і прыходзім нават, бывае, што й пасьля працы, калі няма часу. Але мы ведаем, што трэба прыйсьці сюды й павіншаваць”.

Вера Дрэвіц была не адзіная, хто віншаваў сёньня з Калядамі абаронцаў Курапатаў. Увесь дзень ва ўрочышча ішлі й ішлі людзі.

XS
SM
MD
LG