Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ШТО Ў КУРАПАТАХ СЁНЬНЯ?


Ганна Соусь, Менск

У Курапатах ужо некалькі дзён не вядуць будаўнічых работаў. Усё занесла сьнегам — і дарогу, і тэхніку. І толькі да лягеру абаронцаў Курапатаў вядзе сьцежка. З самага ранку сюды прыходзяць людзі, каб павіншаваць валанцёраў з Новым годам. Пэнсіянэрка спадарыня Зося прынесла абаронцам Курапатаў кілбасаў для сьвяточнага стала.

(Спадарыня Зося: ) "Прыйшла павіншаваць хлопцаў-абаронцаў Курапатаў з Новым годам, пажадаць ім здароўя, вытрымкі, каб у наступным годзе будаўніцтва дарогі спынілася й споўніліся ўсе мары ня толькі гэтых хлопцаў, але й усіх сумленных беларусаў".

Плянуецца, што ўвечары ў Курапатах Новы год будуць адзначаць каля дваццаці валанцёраў. Адзін зь іх — Сяржук Высоцкі.

(Высоцкі: ) "Сапраўднае вялікае сусьветнае сьвята, і настрой, натуральна, ва ўсіх людзей узьняты. Буду тут на Новы год. Гэта тое невялікае, што я магу зрабіць для гэтых людзей, таму што яны ахвяравалі сваім часам, здароўем за гэтыя месяцы. І гэта будзе пэўная праява павагі да іхнага чыну".

Да Новага году абаронцы Курапатаў рыхтуюць адзін аднаму невялікія падарункі. А для валанцёра Васіля найлепшым падарункам стала б наступнае:

(Васіль: ) "Найлепшым падарункам... Напэўна, каб будаўнікі адсюль сышлі, каб не было тут гэтай дарогі, бульдозэраў. Я разумею, што Новы год — гэта такое сямейнае сьвята. А для мяне тут некаторыя людзі — гэта больш, чым сям'я — Аляксей Капэлян, Генадзь Барада. Я лічу, што гэта ўжо як бы мая сям'я".

А пра тое, як сёньня будуць сустракаць Новы год абаронцы Курапатаў, распавёў нашаму радыё Генадзь Дранковіч:

(Дранковіч: ) "Будзе салодкі стол, садавіна, цукеркі, гарбата, кола. Ён будзе стаяць у намёце. Усё залежыць ад надвор'я. Магчыма, вынесем стол на вуліцу, бо, калі прыйдзе шмат людзей, усе ў намеце не разьмесьцяцца. Сьпіртовыя напоі ўжывацца ня будуць".

(Карэспандэнтка: ) "Па якім гадзіньніку будзеце сачыць, што наступіў 2002 год?"

(Дранковіч: ) "Мы не па гадзіньніку, а па радыё — па Радыё Свабода будзем адзначаць Новы год. Ад імя Беларускай Партыі Свабоды віншую ў першую чаргу старшыню Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Івонку Сурвіллу (дзякуем за яе падтрымку), усіх сяброў і прыхільнікаў нашай партыі, нашых хаўрусьнікаў ня толькі ў Беларусі, але й за яе межамі, сваіх знаёмых і блізкіх і ўвесь беларускі народ!"

У Курапатах чакаюць Новага 2002 году й спадзяюцца, што ў наступным годзе ва ўрочышчы нарэшце будзе пабудаваны мэмарыял.

XS
SM
MD
LG