Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЯК ВАЛАНЦЁРЫ Ў КУРАПАТАХ РЫХТАВАЛІСЯ ДА НОВАГА ГОДУ?


Ганна Соусь, Менск

Сёньня раніцай у лягеры абаронцаў Курапатаў было каля дваццаці чалавек. Адчувалася перадсьвяточная атмасфэра — ля намёту стаіць елка, упрыгожаная цацкамі, некаторыя валанцёры рыхтуюць падарункі. Гаворыць старшы па лягеру Генадзь Дранковіч:

(Дранковіч: ) "Прыходзяць людзі, пытаюцца: як будзеце Новы год сустракаць? Прыносяць шампанскае, гарэлку, ад якой мы адмаўляемся. Але будзем сьвяткаваць. Мы зараз разьмяркоўваем групы, хто зь якой гадзіны будзе знаходзіцца тут. Абавязкова набудзем тарты, будзе мінэралка, безалькагольнае ігрыстае шампанскае — як кажуць, дзіцячае. Сьпіртовыя напоі ўжывацца ня будуць, канечне. Будуць цукеркі. Яшчэ штосьці прыдумаем. Яшчэ ёсьць час".

Сёньня ў лягер валанцёраў прыехала здымачная група расейскага тэлеканалу НТВ. Павал Севярынец наступным чынам палумачыў цікаўнасьць тэлевізійных журналістаў да падзеяў у Курапатах.

(Севярынец: ) "Цікаўнасьць павялічылася. Я зьвязваю гэта з тым, што Новы год — гэта час, калі прынята аглядацца на мінулы год, калі людзі хочуць адчуць гісторыю. А гісторыя творыцца тут. Тут гісторыю зьбіраліся закапаць бульдозэрамі. Менавіта таму пачалося ажыўленьне гэтае тэмы".

Павал Севярынец на Новы год таксама зьбіраецца прыйсьці ў Курапаты, але толькі на пэўны час. Бо акрамя гэтага возьме ўдзел у навагодняй акцыі Маладога Фронту. Плянуецца, што ў ноч на 1 студзеня 2002 году бел-чырвона-белыя Дзеды Марозы на цэнтральных вуліцах Менску будуць раздаваць людзям прызы.

Сёньня ў Курапатах многія вланцёры падсумоўвалі вынікі году, абмяркоўвалі, чаго яны дасягнулі, баронячы ўрочышча. Гаворыць валанцёр Цімох:

(Цімох: ) "Ёсьць некалькі галоўных вынікаў. Першы — усё ж мы адстаялі дзьве паласы, адстаялі частку гэтага лесу, хоць ня ўсё, але гэта можна лічыць нашай перамогай. І яшчэ моладзь паказала старэйшым палітыкам, на што яна здольная.

Хацелася б пажадаць людзям Беларусі, каб яны жылі больш шчасьліва, больш узгадвалі аб сваіх каранях, аб сваёй мове, сваёй культуры, каб яны не забываліся, хто яны ёсьць на самой справе".

Падсумаваньне вынікаў году працягвае Сяржук Высоцкі:

(Высоцкі: ) "Чын нацыянальнай волі на Курапатах закрэсьліў паразу беларускай апазыцыі на прэзыдэнцкіх выбарах. Гэта галоўны вынік. Другі галоўны вынік — многія людзі зараз вярнулі сабе веру ў беларускую справу й нашу барацьбу, і тое, што многія людзі ў Беларусі могуць сказаць зараз, што Беларусь сапраўды жыве!"

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG