Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АБАРОНЦЫ КУРАПАТАЎ РЫХТУЮЦЦА ДА НОВАГА ГОДУ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Сёньня ў Менску адліга, і да лягеру валанцёраў у Курапатах дабірацца даволі складана. Раніцай будаўнікі падсыпалі новае палатно дарогі, і прараб сказаў мне, што гэтыя работы возьмуць шмат часу. Пры гэтым ён дадаў, што з валанцёрамі наладжаныя самыя шчыльныя й прыязныя адносіны, і ні пра якое парушэньне нормаў будаўніцтва цяпер ня можа быць размовы.

У курапацкім лягеры было трое валанцёраў, якія рабілі новыя крыжы, што будуць усталяваныя ва ўрочышчы ў наступныя выходныя. Гаворыць старшы ў лягеры валанцёраў Генадзь Дранковіч:

(Дранковіч: ) "Яны будуць усталяваныя да Новага году ў бок ад поля й уздоўж дарогі. Мы паставім яшчэ 20 крыжоў, якія будуць абазначаць контуры мэмарыялу Курапаты. Грамадзкая ініцыятыва хутчэй за ўсё будзе ўсталёўваць крыжы вясной, а мы абяцалі ўсталяваць крыжы цяпер".

Сёньня ў курапацкім лягеры начавалі 5 чалавек. Тыя хлопцы, што засталіся несьці варту ўдзень, акрамя майстраваньня крыжоў, зьбіралі дровы, а таксама парадкавалі тэрыторыю валанцёрскага лягеру — рыхтаваліся да сустрэчы Новага году.

Дзеля таго каб людзі, што прыйдуць у госьці да валанцёраў у навагоднюю ноч, маглі лёгка прайсьці да Курапатаў, актывіст Аляксей разам з будаўнікамі праклалі новую часовую дарогу ад канцавога прыпынку транспарту “Зялёны Луг” праз поле да лягеру. Гаворыць Аляксей:

(Аляксей: ) "Я прабіў дарогу, каб людзі маглі прайсьці. Каб ужо не ісьці па той дарозе, што будуецца, бо з кожным днём усё складаней спускацца з адхону. Новая дарога пачынаецца ад лягеру будаўнікоў, і падыходзіць непасрэдна да нашага намёту. Я проста падышоў і пагаварыў зь людзьмі ў якіх не камень у сэрцы, якія разам з намі. І яны дапамаглі".

Валанцёры ўжо ўпрыгожылі навагоднюю ялінку, якая стаіць пасярод лягеру. Елачныя цацкі абаронцам Курапатаў прынесьлі мясцовыя жыхары зь мікрараёну “Зялёны Луг”, якія цягам апошніх дзён дапамагаюць валанцёрам яшчэ й харчамі.

Нягледзячы на бытавыя цяжкасьці, валанцёры зьбіраюцца сустрэць Новы год на належным узроўні. Абаронцы Курапатаў спадзяюцца, што ў госьці да іх завітае моладзь, будзе салодкі стол і прыемная размова. Валанцёраў не бянтэжыць, што ім прыйдзецца сустракаць Новы год у такіх варунках. Хлопцы цьвердзяць, што не пакінуць урочышча, пакуль там ня скончаць ўсіх будаўнічых работаў.
XS
SM
MD
LG