Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЮХО: "КУРАПАТЫ ЗАСЫПАЮЦЬ САМЫМ ЗЛАЧЫННЫМ ЧЫНАМ”


Ганна Соусь, Менск

Апошнім часам трапіць у Курапаты становіцца ўсе складаней. Сумёты сьнегу па калена, перакапаная дарога, па якой увесь час езьдзяць самазвалы й бульдозэры. Сёньня ўзровень дарогі ля ўрочышча падвысілі амаль на паўмэтра. З гэтай прычыны спускацца ўніз да лягеру валанцёраў стала вельмі складана. Гэтым быў вельмі абураны Ўладзімер Юхо:

(Юхо: ) "Курапаты засыпаюць самым злачынным чынам. Возяць і возяць гэты жвір. Тут відавочны канфлікт з прыродай. Ужо калі з вуліцы Мірашнічэнкі людзі ідуць да "Аквабелу", то не пазнаюць таго месца, якое было адразу за дарогай. Гэта хвалюе ўсіх жыхароў мікрараёну "Зялёны Луг", дзе я жыву".

Уладзімер Юхо раней прыходзіў у Курапаты амаль штодня. Але пасьля падзеяў 8 і 9 лістапада, калі яго моцна зьбілі амонаўцы, ён быў вымушаны пэўны час лячыцца. Цяпер адчувае сябе ўжо крыху лепш, і зьбіраецца ў Курапатах разам з валанцёрамі сустракаць Новы год.

Аляксей Капэлян мяркуе, што бліжэйшым часам можна будзе зрабіць адмысловую дарогу ў Курапаты на час рэканструкцыі.

(Аляксей: ) "Сёньня падчас перапынку на абед вазьму грэйдэр і праб'ю новую дарогу праз поле ўздоўж гэтай дарогі, каб людзі маглі добра спускацца там каля прыпынку і не ісьці па гэтай дарозе, па гэтым пяску. Я ўжо дамовіўся з адным з будаўнікоў. І АМОН мяне падтрымаў у гэтым, бо ім таксама нязручна стаяць тут на адкосе".

Старшым па лягеры ўжо доўгі час зьяўляецца 33-гадовы валанцёр Генадзь, адзін з кіраўнікоў Беларускай Партыі Свабоды. Я распытваю Генадзя пра сутнасьць ягонага старшынёўства ў лягеры.

(Генадзь: ) "Парадак у лягеры каб захоўваўся, харчаваньнем каб былі людзі забясьпечаныя, каб не было, кажучы па-простаму, бардаку... Нарыхтоўка дроваў, стасункі з будаўнікамі, амонаўцамі. Таксама каб не было ніякіх інцыдэнтаў з тымі, хто прыходзіць сюды. Каб было цэнтралізаванае разьмеркаваньне дзяжурстваў, каб людзі спакойна адпачывалі ноччу. З 10 да 6 ранку разьмяркоўваюцца зьмены".

Генадзеў дзед, Андрэй Дранковіч, у 1930-я гады за адмову ўступіць у калгас быў сасланы ў паўночныя лягеры. Другога ягонага дзеда арыштавалі як польскага шпіёна. І толькі некалькі гадоў таму Генадзевы родныя атрымалі паперы аб рэабілітацыі, ім была выплачаная невялічкая кампэнсацыя за канфіскаваную паляўнічую стрэльбу.

Сам Генадзь займаецца рамонтам аўто, але апошнія тры месяцы даводзіцца шмат часу аддаваць дзяжурству ў Курапатах. Новы год ён таксама плянуе сустрэць тут.

(Генадзь: ) "Набудзем, канечне, торт. Паспрабуем сьвяткаваць безь сьпіртовых напояў..."

(Карэспандэнтка: ) "Магчыма, з шампанскім?"

(Генадзь: ) "Калі нават і шампанскае, то, як кажуць, дзіцячае. Сьпіртовыя напоі ня будуць ужывацца, таму што, калі яны будуць ужытыя, то гэта будзе падставай для міліцыянтаў ды іншых казаць, што тут сабраліся п'яніцы. А людзі, хто можа, будуць сьвяткаваць тут. Я таксама хутчэй за ўсё буду тут".

Калі я сыходзіла з Курапатаў, валанцёры рыхтаваліся да Новага году — упрыгожвалі яліну, якая расьце побач з намётам.
XS
SM
MD
LG